Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

грошай і быць, як ёсьць. Праўда, цяжка гэта перацярпець, але нічога не парадзіш.

Каб не расстройваць жонкі, Антось рашыў ня йсьці абедаць, а вярнуўся на работу не абедаўшы.


III

У красную суботу Антось быў дома: з прычыны шабасу Іцка адмовіў яму ў рабоце. Праз цэлы дзень, карпаючыся ў хаце пры сім пры тым, Антось мусіў супакойваць дзяцей угаворамі, што ён яшчэ сумее для іх прыгатаваць каробку. Але чым бліжэй падыходзіў вечар, тым дзеткі рабіліся неспакойней і падазроней: яны ўсё нагальней лезьлі да Антося і назойлівей вымагалі ў яго хутчэй дастаць мукі, яечак і купіць парася. Выбягаючы на вуліцу, яны бачылі, як другія дзеткі бегалі з яечкамі ды кавалачкамі сьвежых булак, а ў іх нічога гэтага ня было. Забягалі Сёма і Прузя ў суседнія хаты і завідна сачылі, як там ішла клапатлівая падгатоўка да сьвят. Пакрыўджаныя, яны прыбягалі дамоў і плакалі, ня бачачы гэтага нічога. Юстына, скрапіўшы сэрца, таксама маўчала праз увесь дзень, як-бы сваім маўчаньнем пасылала папрок Антосю. Антось адчуваў гэта і сузнаваў, што віна за труднае становішча ў вялікай долі падзе на яго. І яму цяжка рабілася, што ён ня можа згладзіць вострасьці гэтага становішча. «А можа я мала старэннасьці прылажыў, каб дастаць грошай?» — правяраў ён сам сябе, не перастаючы вынаходзіць розныя іншыя спосабы.

У цяжкіх супярэчках думак прайшоў дзень. Вечарам разувераныя ў бацькавых абяцанках дзеці ўлягліся спаць. Антось нэрваваўся і непакоіўся — з яго роздумаў нічога ня выходзіла. Нарэшце яму зрабілася зусім нявыносным сядзець у хаце, і ён на 10 гадзіне ўвечары вышаў на двор.

Зорная вясеньняя ноч крыху асьвяжыла яго. Ува ўсіх хатах сьвяціліся агоньчыкі. У паветры чуўся пах булак і мяса. Ён прысеў на сваёй прызьбе і тутка, зьнябыўшыся, задрамаў. А палове дванаццатай ночы яго абудзіў звон да ўсяночнай.