Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Антось парушыў абед: усе адвярнуліся ад стала і паглядзелі на яго, крыху зьдзівіўшыся яго наведваньнем.

— Го-о, чагосьці заблудзіў, Антось? — пераняў Антося Ермалай.

— Дзень добры… Так… заблудзіў… Бываюць выпадкі… і вось, пэўна, не дагадаецеся, чаго прышоў, — адказаў Антось, прысядаючы на лаве.

— Кажы… — прамовіла жонка Ермалая.

— Аж брыдка казаць, — замяўся Антось.

— Нічога. Няма чаго царамоніцца: можна будзе — выпаўнім, не — прабачыш, — разважыў Ермалай.

— Я, ведаеце, — суцішаным голасам праказаў Антось: — зайшоў папрасіць, каб вы мне на які тыдзень грошай рублёў два пазычылі. Так прыпёрла, што нельга вылузацца. Спадзяваўся на Іцку, а той, гад, як назнарок, не дае. Я, бач, раблю ў яго гэтыя дні, зарабіў, усё, а вось не дае, гад. А прыпёрла, хоць ты гвалту крычы. Тады я й надумаў вас патрывожыць. Што вы скажаце на гэта?

Ермалай, кончыўшы есьці, падняўся з-за стала і надыйшоў к прыпечку, каб зьвярцець папіросу. Пры гэтым ён маўчаў, як-бы раздумваючы над адказам Антосю.

— Ведаеш, браце, — нарэшце сказаў Ермалай, зьвярцеўшы і прыпаліўшы папіросу: — хоць і няёмка, але прыходзіцца адказаць: няма. Сыскаў заўчора ў Азіка, што муку вазіў у Крыжы, і ўсё распусьціў на сьвята. Ты-ж павінен ведаць, што грашам у нашым становішчы ніякай меры няма. Тут каб тысячы — то разыйдуцца, а то… прабачай, браце Антось…

— А можа як-колечы… — паспрабаваў Антось яшчэ папрасіць і зразу-ж супыніўся, пачуўшы нейкую няёмкасьць: — Так, ды яно-ж вядома, адкуль тыя грошы. Я так, проста, сабе думаю, давай зайду на кожны выпадак… — паправіўся ён: — А няма — то, што-ж зробіш — трэба яшчэ дзе-кольвечы пашукаць. Бывайце здаровы…

Антось выйшаў з хаты зусім расстроеным і прыгнечаным. З адказам Ермалая не аставалася больш нічога, як згадзіцца з думкаю кінуць далейшыя клапоты па адшуканьню