Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/271

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цікавасьць да кожнага новага чалавека, які наведвае глухія куткі ў краі, асабліва горста адчуваецца ў яго жыхароў; тым болей падвышаецца зацікаўленасьць, калі сьвежы чалавек мае стаць судзельнікам, як-бы сем’янінам данага кола людзей. Тут ужо паднімаюцца наповерх мотывы прыватнага характару, зьвязаныя з будучымі ўзаемаадносінамі, з умовамі службовага падчыненьня і іншымі жыцьцёвымі вымаганьнямі. Адпаведна таму, як хто выяўляў сабе будучае сужыцьцё з таварышам-мэханікам, так той і строіў сваю гутарку на гэту тэму, стоячы каля ганку.

— А мы ўжо чакалі-чакалі вас, ды думалі вы не паедзеце, — казаў праворлівы, нізенькі рабочы, лісьліва паморгваючы вачыма.

— Так, бяз майстара тут нічога не паробіш. Глядзі — браўся сьлесар, каваль майстраваў цэлымі тыднямі, а ці вышаў які толк? Тут трэба веды. Кажуць-жа нездарма, што дзела майстара баіцца. Вось пабачыце, як закруціцца фабрыка, калі прыложыць да яе свае рукі мэханік. Тут сьмікалка патрэбна, — хітра навучаў другі рабочы з шырокім адчыненым тварам, на якім нязьменна стаяла нявыразнага сэнсу ўхмылка.

— А дзе-ж сам мэханік? — запытаў сівенькі дзядок.

— Пашоў да ўпраўляючага, трэба-ж наведаць голаву саўхозу. Без яго, як бяз пашпарту, не абыдзешся, — ні то паясьняючы, ні то гіронізуючы на ўпраўляючага, паведаў рабочы з шырокім тварам.

— Ды начаваць-жа людзям трэба. Здарожыліся, — дадаў першы: — пэўна-ж ім яшчэ кватэра не адведзена?

— Ды будзе кватэра — мур вялікі — на два паверхі. Увесь-жа ён не патрэбуецца для ўпраўляючага з канторшчыкам.

Шырокатвары ня скончыў: уся грамадка азірнулася налева і замоўкла. З-пад аборы проста к ганку йшоў чыста адзеты малады чалавек, памахваючы дубчыкам.

На нагах у яго блішчэлі чорныя гэтры, а добра сшыты фрэнч, зацягнуты ў талію, прыдаваў яму форс.