Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/272

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Падышоўшы к грамадцы, малады чалавек паглядзеў на ўсіх, зьлёгку ўхмыльнуўся і пайшоў на ганак, прыглядаючыся на Акіліну.

— Таварыш Цыбулін, гэта-ж да нас мэханік прыехаў! — паведаміў хтось з грамадкі.

— Бачу-бачу, — кінуў Цыбулін і хацеў увайсьці ў дзьверы, як з дзьвярэй настрэч яму вышаў Ладымер.

— Ці не канторшчык вы будзеце? — запытаў ён Цыбуліна. — Я — мэханік Ложка, тут мне ўпраўляючы напісаў, каб вы мне далі месца, дзе пераначаваць, пакуль уладзіцца з кватэраю.

Цыбулін ухапіўся за голаў, хвіліну пастаяў і адказаў:

— Так, я канторшчык. Вельмі рад. А дзе-б вас памясьціць нанач?.. Добра, я зараз…

Ён зьбег з ганку і пайшоў к супроцьлежнаму будынку. Некалькі чалавек з кучкі правялі яго яхіднымі поглядамі, перасьмяяліся адзін з другім і абярнуліся на Ладымера.

— Да тут можна пераначаваць дзе хоць: ёсьць вольнае памяшканьне. Хоць і ў мяне, — запрапанаваў шырокатвары, аглядаючыся.

— Таварыш майстар, аб гэтым няма чаго клапаціцца, канторшчык расшукае: ён у нас хлопец прыткі і праворны, — дадаў стары: — абы на вечар пасьпелі прыехаць, пакуль ўсе на дварэ.

— А то ў вас хутка спаць лажацца? — зьдзівіўся Ладымер, сышоўшы з ганку і прыпыніўшыся каля возу.

— Ня тое, каб лажыліся, але-ж кожны мае свае дамашнія клопаты і заняты імі.

— Ня дай бог, як заняты! — перабіў малады дзяцюк, касаваты, але з мілым выразам твару, з падранаю жукеткаю на акідку, у шапцы без казырка. — Нехта-б падумаў, што праўду кажа… Не патурайце, таварыш майстар, ён штодня да поўначы цягаецца па дзядзінцы, і мы ўсе дзівімся, што ў яго ніякага клопату няма…

— Кінь, блазьнюк, — раззлаваў стары, сярдзіта замахаўшы перад дзяцюком рукамі і ўвесь затросшыся: — Лезе, ліха