Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/270

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— На яго ліха, пан як добра абстроіўся. Вось каму было райскае жыцьцё, да дзіва, што яны рукамі й зубамі трымаліся за стары лад…

— Ня тое, што зараз, — дадаў Гаўрыла: — сядзі дзе-кольвечы ў Варшаве і думай аб заўтрашнім дні. Не пашле Тадоры ці Паўліны, каб даставіла з кладоўні заморскіх він, дзічы ды розных далікатэсаў… Адно тупне — і ўсё перад табою.

— Ды чорт іх не пабраў, — не згадзілася старая: — яны, бадай, і цяпер лепш нашага жывуць. Зьбіралі гадамі золата, а ўцякаючы пахапалі і цяпер яго праядаюць.

— Можа, чаму не, але ня той, чуеце, ужо гонар. Есьці — есца, а астаткі не папаўняюцца… Тры гады мінула — можна праесьці добры капітал…

Гутарачы аб долі паноў, яны паціху прыехалі ў саўхоз Скуплі.


IV

Уехаўшы на дзядзінец саўхозу, Гаўрыла прыпыніў коні акурат перад параднымі дзьвярыма быўшага панскага палацу. Ладымер кінуў усіх і пабег у будынак шукаць упраўляючага саўхозам. Акіліна з мацераю і сынком прыселі на ганку і з цікавасьцю вадзілі паглядамі вакол па дзядзінцы. Фурман уходжваў каля коняй, вытрахаючы ім сена і расьпяразваючы падсядзельнікі.

Хутка з усіх канцоў дзядзінцу пачалі сходзіцца да іх рабочыя і служачыя саўхозу, жанкі і дзеці. Падыходзячы, кожны даваў «добрывечар», пасьля разглядаў прыежджых, іх маемасьць і коняй. Перш мігамі пераглядаліся між сабою, далей пачалі перакідацца словамі і, нарэшце, перайшлі да распытаньняў. З гутаркі выявілася, што амаль ня ўсё насяленьне Скупляў ведала, што да іх павінен прыехаць майстар, мэхінік з сям’ёю. Якраз яго чакалі гэтымі днямі. Хто такі ён, гэты майстар, яны, вядома, ня ведалі і зараз было цікава пазнацца з ім.