Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/269

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А я з вамі — хоць у Амэрыку. Я таксама люблю езьдзіць, ды яшчэ калі з добрымі людзьмі-ы.

За гутаркаю аб усім і пра ўсё яны прамінулі Кругі, бліжэйшыя вёскі, Клінцоўскі лясок і выехалі на гал. Мясцовасьць лёгкім скатам паднімалася ўверх. Направа й налева пачыналіся лясы, пры якіх мясьціліся засьценкі.

— Гатоўцеся глядзець на ваш прытулак, — папярэдзіў Гаўрыла: — вось узьедзем на гэты грудок (ён паказаў уперад пугаўём), і ён гляне на вас мілым выглядам. Н-но-о-о, малыя!

Акіліна настаражылася і пранізвала вачмі перадляжачы разгон. Яна ўжо забыла пра горад, а перажывала ўсё тое, што яшчэ ўчора перажыў яе муж. Ня сходзіла з думак гаспадарская плянавасьць, мяжуючыся з неадходнымі пяшчотнымі думкамі-марамі. Акіліна меркавала і рэзьлічвала, комбінавала так і гэтак. Пераб’е хто яе гутаркаю, а сьледам ізноў тыя-ж думкі і намеры, аж пакуль ня ўехалі на ўзгрудак, з якога вызначыўся поўны малюнак Скупляў. Яго сапраўды багаты хараством выгляд перабіў і гутарку Ладымера з старою цешчаю ды з Гаўрылам і думкі Акіліны. Усе, як адзін, уперыліся поглядамі на беды будынак палацаў з вежкамі, на густы вялікі парк, на пляму вады ў возеры, на струнку роўных, стройных, ядрых топаляў, абнімаючых дарогу перад маёнткам.

Быў адвячорак. І нагрэтае дачырвана сонца, вяшчаючы пагоду й назаўтра, убірала ўсё ў чырвоны колер. Белыя сьцены палацу здаваліся ружовымі, а ў шэрагу яго готычных вокан ігралі казачныя залаціста-блішчастыя зайчыкі. Сонца адбівалася і ў вадзе возера, якое выдавалася з гушчы зелені, прыдавала асаблівы выраз зелені парку і малявала ў ваччу Акіліны нялюбыя Скуплі — вэнэцыянскаю вілаю. «Сапраўды нешта асаблівае», — падумала яна, ня спускаючы з саўхозу воч, — «зусім непахожае ні на Капліцы, ні на Крумкі. Можа і шчасьліва, што доля гоніць сюды». Акіліна ня ўтрымалася, каб ня выказаць свайго пачуцьця ўголас.