Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Антось нічога не адказаў, а моўчкі кінуў работу і пайшоў дахаты. Ідучы ён пільна раздумваў над праваленым плянам. На сэрцы яго было так няпрыемна, нібы хто насыпаў на яго чэмеру. Не хацелася думаць аб ядзе, ды яна зусім была яму непатрэбна. «Куды там з ядою, калі вось сьвяты на носе, а ў хаце ні капейкі грошай. Прыдзеш дамоў, жонка зразу і стрэне пытаньнем: — А як наконт грошай? — Што ёй адказваць будзе? Адлажыць на вечар? Ці-ж паверыць Юстына? Ды й вечарам што я зраблю? Ермалай? Хто яго ведае… Мо’ яшчэ ў хаце не застану… Зайду хіба цяпер да яго», разважаў Антось.

Ужо ён падыходзіў да свае хаты, але вярнуўся назад, каб зайсьці да Ермалая. У грудзях яго скрабло сумненьне; тыя запэўненьні, на якія ён мусіў пазычыць хоць два рублі ў Ермалая, паказаліся яму зусім слабымі, каб той паверыў. Праз гэта яму рабілася няёмка перад таварышам, якога, фактычна, ён ішоў ашукаць.

Чым бліжэй Антось падыходзіў да Ермалая, тым нерашучай былі яго крокі і тым брыдчэй рабілася яму перад самім сабою. Але варочацца назад было яшчэ горай: выйдзе што, ня выйдзе — трэба давесьці да канца. Як-ні-як, ён ішоў пазычаць грошы не на што-кольвечы малаважнае ці брыдкае, а на жыцьцёвыя патрэбы. У змаганьні за жыцьцё нельга заўсёды праехаць на чэснасьці. Што-ж, дзе можна схлусіць, ці абмануць, каб выратавацца з цяжкага становішча, чаму не зрабіць гэтага? Тым болей гэта будзе дарована яму, бо на сваім вяку Антось яшчэ ніколі не карыстаўся хлусьбою.

— А мо’ й ня дойдзе да таго, — разважаў ён, увайшоўшы ў Ермалаеў двор: — няўжо такі Ермалай будзе распытваць ды ўпэўніцца, нашто мне грошы? Або не паверыць? Не павінна таго быць, усё-ж свой чалавек.

Гэта самаразвага падвесяліла Антося, і ён цьвёрдым крокам прайшоў у хату.

У хаце Ермалая якраз абедалі. Невялічкая сям’я, з чатырох душ, сядзела наўкол стала, увіхаючыся над міскаю.