Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/268

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

не сустрэць у Скуплях інтэлігентнага прыгожага мужчыну, ну хоць-бы схожага з тым, якога яна калісьці, будучы дзяўчынай, спаткала ў Паўлаўскім парку і аб якім ужо доўга марыла. Мігам аднавілася ў яе лятуценьнях цэлая нізка пекных дарагіх вобразаў — з дрэвамі, квятамі, пацалункамі, дзявочымі марамі… Усё гэта паціху прыблізілася йзноў да яе, агарнула яе істоту, заваражыла душу, і Акіліна выразна пачула жывую асалоду мінуўшай пары. Бязвольнай, чулася ёй, нясе штось яе настрэчу мінуламу… Але раптам усё абарвалася, калі Ладымер хапіў яе за руку і праказаў:

— Глядзі, Акіліна, як пекна выглядаюць Кругі!

Акіліна кінула зіркам уперад сябе і спынілася на зялёным даху цэрквы, на дзьвёх вежах касьцёлу, на купцы новых хатак і гумнаў мястэчка.

— Так хутка й мястэчка Кругі? — зьдзівілася Акіліна.

— Як бачыш; завідна будзем на месцы.

— Куды, яшчэ й сонца ня зойдзе, — паправіў Гаўрыла.

— Вярстоў трынаццаць будзе яшчэ, — дадаў Ладымер.

— Што ты, меней, — не згадзіўся Гаўрыла: — вось заедзем за Кругі, мінём Клінцоўскі лясок, і пакажуцца Скуплі. Пабачыце, як прыгожа выглядаюць. Ня будзеце каяцца, пані, што перасяляецеся з гораду. Успомніце мае словы.

— Дай божа, каб было павашаму, — пажартавала Акіліна.

— Вось я ўжо прыкмячаю, што маладзіца весялей становіцца. Чым бліжэй, тым весялей. Гэтак і трэба… — не астаўся ў даўгу Гаўрыла.

Ладымер і старая пераглянуліся і паківалі галовамі.

Цяпер ужо Ладымер бачыў у жонцы выяўную перамену і дзівіўся Гаўрыле, што той праўду сказаў.

— Цікавы, аднак, чалавек ён, — падумаў аб фурману Ладымер: — гаваркі які, людны. Жыве і нічога ня дбае, вясёлы, рэзвы. Рэдка пападаюцца гэткія людзі сярод нашых сялян. Усе яны некія скрытныя, патайныя, а гэта…

— Вось з табою, Гаўрыла, я-б ня скучыла край сьвету ехаць, — падлісьціла старая.