Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/266

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шляхі. Трэба-ж прывесьці ў парадак патроху гэтыя «жылы краю»…

Гаўрыла ўподбег апынуўся пры першым кані і хапіў за дышаль. Гледзячы на яго, Ладымер тое-ж зрабіў з задняю фурманкаю.

— Ой, памалу, каб не павярнуўся воз, — спалохалася Акіліна і хапілася аберуч за біла.

— Ня бойся, коні прывыклі хадзіць, ім не навіна, — суцешыў Ладымер жонку.

Суцішаючы коні, яны акуратна ўзьвялі іх на вузенькі, з хваёвых прыбітых к балькам круглячкоў, масток і, раз-по-разу водзячы поглядам узад і па бакох, пераехалі на другі бок.

— Ну, цяпер у мяне нібы пяць пудоў спала з плеч, — праказаў Гаўрыла. — Кожны раз, ведаеце, — абярнуўся ён разам да кабет і Ладымера, — кожны раз прыходзіцца трасьціся, пераяжджаючы гэтыя масты. Вось-вось няшчасьце, вось-вось няшчасьце… Надоечы, дык, каб вы зналі, чуць-чуць ня выкупаў камісара. І неспадзявана зусім. Ехалі, як ехалі, ладам, добра, а толькі намерыліся пераяжджаць гэты самы паганы масток — на табе — прымха. Коні на мост, а бусел, на яго ліха, пырх вунь з-пад таго куста — аж коні пырск, затупалі, хільнулі галовамі і вось-вось — ня ведаю, сам, што затрымала іх — скочылі-б у ваду… Тут я ня струсіў — скочыў да за цуглы — стойце. Але камісара так таўхнула, што ён павярнуўся на возе і шапку ўпусьціў у рэчку… Вось вам, што значыць масты. Я прыдаю ім вялікую-вялікую значнасьць.

— Калі, браце, нельга ўсяго зараз залапіць, — разуважыў Ладымер: — Савецкаму правіцельству столькі разбуранага дабра засталося, што няма сіл наладзіць зразу ўсё. Пэўна-ж, шляхі ў першую чаргу патрэбна наладзіць — то зразумела. І іх наладзяць…

Пакуль яны гутарылі, коні прыпыніліся.

— Што-о сталі! Но-о-о! Вось у Скарбаве зробім папаску. Не падохнеце. Цяжар вялікі, падумаеш. Даўно пугі ня спыталі.