Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/265

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

самі вілася праз шырокі гал поплаву. Там-сям, бліжэй і далей, выдаваліся з зелені алавяныя плямы вады, зусім, здавалася, ня злучаныя адна з другою. Дробны кустарнік, купамі і градкамі, даглядаў за рэчкаю і, нібы тычкі, адмячаў яе шлях. Рэдкія алешыны ўбіралі сабою зялёны, пажаўцяны курасьлепам і бялянкамі, поплаўны прастор. Недалёчка ўперадзе стаяў лес. Быў поўдзень. Распаленае сонца стаяла ў самым высокім месцы дзяннога праходу і неміласэрна пякло… У яго прыску губіўся чуць-чуць прыметны подых ветру; запечаная расьліна стаяла нярухома, моўчкі, быццам зьвязаная нябачнымі ланцугамі. Парнае паветра растапляла расьлінны пах, разбаўляла яго ў сябе і наганяла снатворны водыр. Паказвалася, нібы густы пыл насіўся між зямлёю і небам, брудзячы нябесную лазурковасьць і ўючыся рэдкім воблакам пад сонцам. Крычалі кані, але так гультайна, як-бы несхаця, рэдка, ня могучы доўга лятаць. У такім-жа настроі выгуквалі сваё зацяжнае, вякі аднатоннае «но-о, но-о, но-о!» аратыя; марудна, як назаўтра трэба, рухалі яны ўсьцяж ніў.

Коні пусьцілі пот і нясьціхана трасьлі галовамі. Іх ратавала сіла, якая сабралася на добрых харчох зямельнае ўстановы. Не прыкмячаў толькі гарачыні фурман Гаўрыла. Ён ішоў пры першым возе роўным бадзёрым шагам, гутарыў з Ладымерам і памахваў пужкаю над канём. Старая паношаная жукетка з шэрага даматканага сукна была падпяразана канаплянаю аборкаю, а пры стрыфлях троха разгорнутая — «каб заходзіў запазуху вецярок». Смуглы твар Гаўрылы з прыемнасьцю ўбіраў сонечнае цяпло і выпускаў яму настрэчу лёгкую здавальняючую ўхмылку.

— Вось тут трэба настаражыцца, — прагукаў Гаўрыла, калі коні пахілілі крыху ўправа, каб накіраваць на мост, і азірнуўся на заднюю фурманку. — Дагэтуль яшчэ масты не папраўлены. Вось нядбаласьць, ніякае ўвагі. А гэта-ж уночы едучы цэлая бяда можа здарыцца: чуць аглядзеўся і — з возам ляпнеш у рэчку. Каб гэта я стаў намест галоўнага камісара, дык зразу ў першую чаргу распарадзіўся-б паправіць