Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/264

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, а так, скажы, ты даўно бываў апошні раз у Скуплях?

— Даўно — два ці тры тыдні таму назад. Я-ж, бач, часта ежджу туды. Надоечы заведуючага маёнткамі вазіў. На агляд ці на рэвізію езьдзіў. Дзён тры прабыў там. Пахваліў упраўляючага саўхозам і рабочых… Ды ёсьць завошта, трэба сказаць; упраўляючы — чалавек рупны, дбалы, дасьціпны хлопёц… Сад дагледзіў добра, разьвеў галяндэрскую пароду кароў, розных добрых сартоў збажыны назасяваў, агарод паставіў — адна пацеха. З рабочымі ладзіць. Вось яшчэ адно: пусьціць паравік трэба — тады пярвейшы саўхоз будзе. Прыедзеш, наладзіш і тады — трымайся.

— А з вакольнымі сялянамі ўпраўляючы добра жыве?

— Хто яго ведае; пэўна-ж павінен жыць у згодзе. А чаго ім сварыцца? Сёлам зямлі троха ўрэзалі, далі лесу на будоўлю, а то й пашу выпускаюць… Як быццам-бы нічога благога з гэтага боку няма… А ў тым, хто яго ведае — усяго не падгледзіш. Вось наконт таго, як жывуць служачыя, то я не аднораз бачыў, што жывуць ня дрэнна. Таму-то мяне й зацікавіла гутарка твае кабеты. Не хацець ехаць у Скуплі — проста дзіва. Я-ж кажу, каб ды гэта на мяне, я-б пехам пашоў. З вашай службай там можна быць зусім незалежным ад упраўляючага; парабіў — і ня знай нікога… А жонцы — ніякае работы. Дагледзіла печы, наварыла мужу абедаць — і шпацыруй па парку, назад рукі залажыўшы. Пазірай на шаты дзярэў ды слухай салаўя ці павука. Сельскім кабетам — іншая рэч: не папрацуеш — то і не зьясі, а гарадзкім — на ўсё напляваць. Муж — майстар, заробіць і гатовае прынясе.

— А каб ты цяміўся, Гаўрыла, — ня ўцерпела старая, — і ўмееш-жа ты разводзіць лясы. То-ж, гледзячы на гарадзкіх, трэба разьбірацца: адна любіць шпацыраваць, назад рукі залажыўшы, а другая зусім іначай — заўсёды нойдзе работу ў хаце.

— Ай, кіньце ўжо; хто-хто, а я сёе-тое ведаю, мне ня трэба расказваць. Но-ой-дзе-э! Дзе яе нойдзеш, калі няма…

Яны пад’яжджалі к рэчцы, якая замыславатымі выкрута-