Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/263

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нага кватэра з двух-трох каморак; малака — колькі хоць; садовіна восеньню; настроіцца паравік — і мука свая. У панскіх палацах — ліха ведае, колькі месца. Ёсьць залі — хоць гумно рабі — мо’ на гоны вакол. Вось прыедзеце, зоймеце добрую кватэру і будзеце бога дзякаваць.

Акіліна фурману нічога не адказала. А Ладымер зацікавіўся і хацеў паслухаць яго думак аб Скуплях, аб іх становішчы, аб служачых, галоўным чынам, аб упраўляючым. Пры гэтым напрамак гутаркі фурмана, які хваліў Скуплі, па думцы Ладымера, дабрачынна мог уплысьці на настрой яго жонкі.

— Ці табе, Гаўрыла, ужо даводзілася там быць? — запытаў Ладымер фурмана, падбегшы да яго.

— Колькі раз… Ды я нават родам з таго месца. Мой бацька яшчэ быў нявольнікам у Крэўскіх. Мяне ўпіхаў за парабка, але я ня даўся. Прызнацца, змалку меў вялікую няпрыязьнь да паноў, адварочвала мяне ад іх, ня ведаю чаму — але душа ніколі ня мірылася з іх быцьцём. Вось чаму, ведаеш, у пятым годзе я й падбіў аднавяскоўцаў на сечку лесу і на самаўпраўны рэквізыт хлеба… Ой, чаго было — і да вечера не раскажаш. І арыштавалі мяне, і дваццаць пяць адлічылі, і выселіць хацелі з вёскі, кароў пан не дазваляў пасьвіць на сэрвітутных паплавох. Дзякуй ёй — вайна супыніла судовую цеганіну… А то-б, хто ведае, чым скончылася. Меў пан моцную руку — усё мог зрабіць з нашым братам. А цяпер дулю, брат, — Гаўрыла са шчырасьцю працягнуў у бок граніцы выразна зложаныя пальцы. — Паверыш, т. Ладымер, радуюся, што ўсё гэтак сталася. Хоць мне й ня прыходзіцца пакарыстацца яго зямлёю, але працоўныя людзі карыстаюцца, а ня гэтыя каты.

— А чаму-ж табе, кажаш, ня прыходзіцца пакарыстацца зямлёю, чаму?

— Гэ, то ўжо мае асабістыя справы. З сям’ёю, ведаеш, у мяне вялікія нялады. Выжылі мяне з хаты, і я мусіў астацца служыць. Хіба пасьля яшчэ наганю на сваё, а пакуль — бог з імі.