Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/262

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трымайся далікатнасьці, манернасьці. Здавалася-б, і замудра пераняць было гэтыя панскія штукі, а глядзі, усе іх ведае. Дзявочыя гады правяла на заводзе, мела дачыненьне з простымі людзьмі, а потым вылавіла ўсё да дробкі. Вось што знача кабечая натура».

Думаючы, Ладымер ускоса паглядаў на Акіліну, якая моўчкі сядзела на возе і нязьмігутна праймала вачыма паперадзе ляжачы шлях.

Яе маці, наадварот, была давольна пераезду ў саўхоз. Сваё здавольства яна выказвала ў нямоўчнай гутарцы то з хлопчыкам, то з фурманом. Некалькі разоў, пакуль выехалі за горад, яна прапанавала Ладымеру сесьці на воз, а дачку прабавала выклікаць на гутарку.

Ладымер заўважыў гэта і паважна ківаў галавою, калі Акіліна нядбала адварочвалася ад мацеры.

Выехаўшы за горад, ён першы рашыў зачапіць жонку, каб разьвесяліць і ўверыць яе ў разумнасьці свае пастановы.

— Слухай, Акіліна, — абярнуўся ён да жонкі ў жартоўным тоне, — ты яшчэ не перадумала наконт нашага перасяленьня?

— Пакінь жартаваць! — сярдзіта агрызнулася Акіліна. — Паглядзімо, што з гэтага выйдзе. Наколькі ты разьлічыў. Каб ня прышлося заўтра-ж каяцца.

— Ці ліха! Няўжо-ж такі ў Скуплях нас чакае нешта нядобрае? Ня верыцца мне. Думаю, што ты ашукаешся.

— Нагаварылі; забачым, нядоўга чакаць.

Фурман, гадоў за пяцьдзесят мужчына, здаровы яшчэ і заўжды весела настроены, слухаў спрэчкі Ложкаў і перш зьдзіўлена паводзіў галавою, а потым абярнуўся да Акіліны і шчыра загаварыў:

— Ведаеце, пані, мне здаецца, што вы зусім дарма кажаце. Слухаю я вашы словы і думаю — людзям дабро само бяжыць у рукі, а яны адвертываюцца ад яго. Гэта-ж, каб мне здарылася пасяліцца ў Скуплях, я-б болей нічога не хацеў. Адна мясцовасьць чаго варта. А што ёсьць у саўхозе — паглядзеце! Колькі багацьця, як добра жывуць там людзі! У кож-