Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/261

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Давай, Акілінка, будзем складацца, — абярнулася яна к дачцэ, — не шкадуй гораду, невялікая мацыя.

Акіліна нічога не адказала, а моўчкі падышла да ложка, выцягла з-пад яго адзін за другім два куфэркі і, разьвёўшы рукамі, стала над імі:

— І ўсё гэта так раптоўна!

— Для пасуды я ўнясу з хлявушка тыя скрынкі, — папярэдзіў Ладымер і выйшаў з кватэры.

Кабеты пачалі зьбірацца.


II

Назаўтра акурат а восьмай гадзіне раніцы да кватэры Ложкаў прыехалі дзьве падводы з Упнарыму. Ложкі ўжо былі сабраны і моўчкі аглядалі, ці не забыліся чаго. Пачуўшы стук калёс, Ладымер выбег на вуліцу і папрасіў фурманоў памагчы палажыць на воз паклажу. Тыя ахвотна згадзіліся, і праз дзесяць хвілін уся маемасьць Ложкаў была ўложана, а праз другія дзесяць хвілін, усадзіўшы жанок і дзіця на воз, падвода рушыла.

Ладымер праз горад пайшоў пехам, ззаду другое падводы, паглядаючы на рэчы. Частыя пераезды з месца на месца ўсё-ж прыкра адчуваліся на яго настроі, але на гэты раз ён быў спакоен і нават веселават. Ці яго супакойвала запэўненьне, што праз год яго здымуць са Скупляў і перавядуць у горад, ці яго суцяшала праслаўленьне гэтага саўхозу, Ладымер не даваў сабе адрахунку. Раздумваючы і плянуючы, як і заўсёды, наступную чыннасьць на новым месцы і абмяркоўваючы розныя мажлівасьці жыцьця ў Скуплях, ён час-ад-часу чапаў у думках жонку і пасылаў па яе адрасу: «Цудная, усё ёй нядобра. Прывыкла к гораду, што ня дай ты рады. А што-б ёй паразмысьліць на ўсе бакі, зраўняць адно з другім — якаво-б тады! Дык не — надзьмулася, нібы я яе вязу на якую кару. Бяда з гэтымі жанкамі! Іх ня кратае ні рэволюцыя, ні яе аздараўляючы ўплыў. Так глыбока засела ў душу гэта заплясьнелае мяшчанства. Дай ты ёй вобчаства,