Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/259

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Маняць табе. Ужо трэці год як адзываюць цябе ў горад, а тымчасам усё яшчэ мусіш карпець у глушы, як воўк які. Людзі жывуць у горадзе, карыстаюцца тэатрам, могуць час правесьці ў вобчастве, а гэта… сярод цёмных сялян, як сярод зьвяроў… Слухай іх дробныя інтарэсы, плёткі, брахню, вынось іх няпрыхільныя адносіны да сябе, бойся адзецца пагарадзкому, каб ня ўпікалі… І гній — проста гній у непарушанай цішы…

Кінь плясьці, ліха ведае што! — перабіў жонку Ладымер. — Падумаеш, якая вельмі людная. Хапіла з цябе й гораду. Жылі-ж, здаецца, У Ленінградзе гадоў з восем — можна было здаволіцца і вобчаствам, і тэатрамі, і ўсім іншым. А кончыцца год — ізноў можам паехаць у Ленінград…

Ён зьмяніў тон у голасе:

— Ды думаеш, у провінцыі так ужо дрэнна, як табе здаецца? Кінь! Сялянства зусім не такое, як ты на яго глядзіш. Толькі трэба падыйсьці да яго з адкрытаю душою, адкінуць усё тое, што, нам здаецца, становіць нас вышэй за яго… Гэтыя тры годы рэволюцыі зусім перамянілі нашага беларускага селяніна. Дарма кажаш, што ён будзе разьбівацца на дробныя плёткі, нагаворы ды іншае. Ня бойся — толькі ты трымай сябе роўнаю з ім, дык гэткае блізкае вобчаства знойдзеш у вёсцы ці ў саўхозе, што й не падумаеш аб гарадзкім… А тэатры — сваімі сіламі нагонім.

— Ай, што ты кажаш, сапраўды. Забыўся ўжо, як жылі ў другіх мясцох. Многа ты дастаў прыемнага ў саўхозе Крушках? Усімі сіламі стараўся ўцячы адтуль. Задалі табе гэткіх тэатраў, што, нябось, доўга памятацьмеш. Найграў Гэндрык даволі… Тое самае будзе і ў Скуплях…

— Эх, цудная! Ці-ж можна мерыць усё на адзін капыл!.. Мала-што трапіўся гэткі чалавек, як Гэндрык; а ў іншым месцы іншыя людзі будуць. Бачыш — ці-ж дрэнна было нам у Капліцах? Усе патаварыску жылі, добра меракаваліся і гладка выходзіла. Нябось, думаю, ты-б ахвотна яшчэ там жыла. Тое можа быць і ў Скуплях. К гэтаму яшчэ, Скуплі