Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/254

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Думкі зьбілі Панкела спанталыку: ён прыгнуўся і, прыгнуўшыся, таптаўся на адным месцы. Ні страляніна, якая ня сьціхала праз увесь час і нібы ўсё набліжалася, ні здагон не падганялі Панкела. Толькі вецер, мацнеючы што-хвілю, чамусьці наганяў на яго нейкую трывогу і сполах. Панкелу чуўся ў яго гудзе загад рушыць з месца і кідацца наўцёкі. З кожным ветраным павеем настрой узрастаў, узмацоўваючы рашымасьць і адвагу. «Пушчу-у-ся-а далей на ўце-э-кі-ы! — праказаў сам сабе Панкел, і толькі намерыўся крануцца, як тут-ка, непадалёчку, пачуў выразную гутарку:

— Шукайма тут — ён ці ня прылёг толькі.

Панкел увесь здрыгануўся, выпрастаўся, закружыўся на адным месцы, азірнуўшыся вакол, і кінуўся як мага наўцекі. Вольныя, ня ўмеру слабкія боты забаўталіся на нагах і гулка зашлёпалі. Груды й няроўнасьці, межы, купіны, што пападаліся пад нагамі, мяшалі бегчы.

Але Панкел сьцігаў нацянькі, якраз на міргаючыя далёка смуглыя агеньчыкі, якія нібы прыветна й ласкава манілі яго к сабе… Перш было бегчы лёгка, як-бы сполах з надзеяй уцячы падганялі яго, але хутка Панкел пачуў утому й цяжар; к гэтаму шапка насоўвалася на вочы і мяшала глядзець, а вісеўшы збоку ранец, якога ён шкадаваў кінуць, стукаў па плячох. То шапку, то вінтоўку Панкел час-ад-часу папраўляў… Раптам закалола ў баку і стала душна, да зьнямогі душна. Ён ўжо намерыўся нават і спыніцца, але раптам пачуў прасьцерагаючы голас: «Бяжы хутчэй. Нясіся ветрам, ляці віхрам, каб не спазьніцца. На тваім ваччу робіцца вялікая бяда — патрэбна яе спыніць, патрэбна пераняць… Не таміся — бяжы хутчэй, шпарчэй. Яшчэ некалькі патугаў і ты выратуеш становішча, не дасі зрабіцца страшнаму праступку. Бяжы з данясеньнем, нясі вестку… Цябе там нецярпліва чакаюць… Панкел, Панкел, Панк-к-е-эл»…

Гэты таемны голас нёсься з Панкелам, разьліваўся ў сьвісту ветра, заглушаў яго думкі й пачуцьцё… А агеньчыкі былі ўсё-ж яшчэ далёка ад яго і неяк усё цьмелі з кожнай хвіляй, як-бы знарок, каб зьбіць Панкела з дарогі…