Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/251

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бязмоцнага, і крыўды на сябе за сваю падатлівасьць, узьвёўшую яго на праступную сьцяжынку, нейкім рэжучым камяком падыйшла к горлу. Узбурылася пачуцьцё адчаю, якое ажно кідала яго то ў гарачку, то ў холад. Што ні шаг, то Панкел пакрысе адставаў, бо ня мог паднімаць ног. Задрачылі ў галаве калючыя думкі, поўныя папрокаў і ўпікаў. Асобная, магнусовая сіла іх тыкала ва ўсе бакі, так што ўсё іншае зацьмявалася імі. Панкел папрабаваў зрабіць некалькі патугаў, каб адкасьніцца ад гэтага настрою, страхнуць атруту пачуцьця і гвалты думак, але быў бязмоцным і здаўся на іх катаваньне. І толькі намерыўся спыніцца і ўсьцішыў хаду, як раптам пачуў настойны і выразны, ужо знаёмы яму нутраны голас: «Не хадзі — азірніся назад і бач: за табою сочаць тысячы вачэй. Тысячы сэрцаў спадзяюцца дачакацца ад цябе харошых суцяшаючых вестак. Ты пайшоў у разьведку, каб знайсьці, як лепей выбраць месца і час для нападу на ворагаў працоўнага народу, якія пасягнулі зьнішчыць яго волю. Цябе паслаў рабочы й селянін бараніць іх уладу, заваёваную дарагою цаною крыві і жыцьця соцень слаўных ваякаў. А ты… ты памагаеш знайсьці іх сьмерць, абрыдную, зрадніцкую сьмерць. І навошта ты панадзеяўся? Каго ты паслухаў? Ці даеш ты сабе адказ — навошта ты ідзеш і што робіш? Гэтулькі славы заслужыў перад рэволюцыяй ранейшымі сваімі чыннасьцямі, а тут — пайшоў на зьмену. Зазірні глыбей у сваю душу, ці вяліць яна табе, ці дазваляе гэта? Чужымі думкамі жывеш, ліхім манам верыш. Як паглядзіць на цябе працоўны народ савецкіх рэспублік? Дзе ты схаваешся ад яго гневу і помсты?»

Панкел скрыгаў зубамі, прыкусваў балючыя губы. Хада яго цішэла, пачынала балець галава і цьмець у ваччу.

— Я не пайду, я не згаджуся на здраду! — рашуча ўголас адказаў сам сабе Панкел.

І гэтыя словы яго прагучэлі так рэзка і выяўна, што быццам абудзілі яго. Панкел уздрыгнуў усім целам, аглядзеўся вакол і спыніўся.