Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/250

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і кіруючы зрок то на зыркія зоркі, то на рух цёмных сьцен, якія агароджвалі абшары перад імі. Але чым далей «разьведка» падавалася ўперад, тым мацней і надаедней гэта «штосьці» старалася адцягнуць Панкела ад усяго староньняга, вымушаючы спыніцца на сабе й на сваіх дзеях. Міжвольна, пад нейкім магутным націскам, Панкел усё часьцей і часьцей пачаў азірацца назад, на станцыйныя будынкі, на пяройдзенае поле. Кожны раз, бы толькі ён паварачваў голаў, у яго ваччу маляваліся страшныя фігуры цудаў. Вадакачка выглядала асабістым сіберным зьверам, які, здавалася, бег за ім, матаючы вялічэзнаю галавою і растапыранымі рукамі, а меншыя будынкі са сьвятлом у вокнах здаваліся паўзучымі цмокамі.

Панкел праз сілу, сьціснуўшы зубы, вымушваў сябе пільней узірацца ў цемру ночы, але як-бы ён ні ўзіраўся, усё-ж нічога ня бачыў у сапраўдным жывым выглядзе. Толькі й дасягаў ён таго, што тыя здані, якія маляваліся яго патрывожаным уражаньнем, мяняліся ў ваччу, перароджваліся на новыя і яшчэ страшнейшыя.

Сполах, захапіўшы Панкела, пачаў пераходзіць ва ўтому і злаваць яго; пачыналі балець ногі, дрыжаць усё цела; хада рабілася не пад сілу, і Панкел, чым далей, тым часьцей і на болей адставаў ад каманды, ня маючы сілы нагнаць яе і йсьці з ёю нага ў ногу.

— Што з табою, таварыш, чаго ты адстаеш? — падазрона пытаў Панкела час-ад-часу сусед.

Дыхавіца ўзьнялася! — хлусіў яму не задумваючыся Панкел.

— Цудны, аднакава ты: няхай-бы на гэты раз ты астаўся.

— А як-бы на другі? — ні то запытваў, ні то адказваў Панкел.

— Ну, то вядома: цяпер вярнейшая справа… Праўду кажаш. Што-ж, можна й на адгоне пасьпяваць, — радзіў спагадлівы таварыш.

На гэтым гутарка абрывалася: Панкел болей нічога не казаў. Узьнятая ўнутры яго завіруха раскаяньня, тупога й