Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/249

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

валі ў нутры сумную думку — пазыў вярнуцца, уцячы хоць адгэтуль. Няпрыметна для сябе Панкел палохаўся бліжэйшых хвілін. Але брак часу ня даў мажлівасьці вырасьці думкам у тое ці іншае рашэньне. Каманда: «шагам марш!», раптам даляцеўшая да яго вушэй, быццам штырхачом даўбанула яму ў плечы, і Панкел пакорна, адначасна з усімі падняў левую нагу і топнуў у тахт камандзе. Ад агульнага ступу пачуўся глухі стук, разьнёсшыся ў цішы далёка вакол. За першым тут-жа адступіўся другі, трэці, пяты, дзесяты. Перагаварваньні між некаторымі чырвонаармейцамі глухлі ў топаце шагоў; толькі рэдкае пакашліваньне перамагала іх тупат і новаю нотаю ўрывалася ў аднатоннасьць нявыразнага рэха між сьценамі дамоў і хат. Зрэдку сям-там, воддаль і ўблізку, адзываліся чуткія сабакі і трывожны бразг калатушкі вартаўніка.

Панкел ішоў, спусьціўшы кнізу голаў, маючы перад сабою цёмныя, нявыразныя цені таварышоў. Ён зусім ня прымеціў, ахоплены ўвесь тлумнымі няяснымі думкамі, калі разьведка вышла з жылога месца і апынулася ў полі. Каманда — «цішэй шаг!», глуха данёсшыся сьпераду, вымусіла яго падняць голаў і азірнуцца вакол. Панкел угледзеў, што ён астаўся крыху ўзадзе, на адгоне ад бакавых таварышоў, і некалькі шагоў зрабіў бегам, каб параўняцца з імі; бягучы, ён пачуў утому і падазрона паглядзеў уперад.

Чорная сьцяна цемры акружала іх грамадку. Чым далей разьведка падавалася ўперад, тым болей адсоўвалася разам з ёю пярэдняя сьцяна цемры.

Дарога, якою йшла разьведка, была роўная і гладкая і гэтым казала аб роўнай мясцовасьці. А дзякуючы гэтаму і ветру, зьлёгка павяваўшаму ў пасяленьні, тутака адчынялася прастора дзьмуць, як хоць. І вецер дзьмуў, як меў сілы.


VI

Ужо выйшаўшы са станцыі, Панкел пачуў у сваім нутры штосьці асобнае, ні то трывожнае, ні то гадкае. Ён перш стараўся на гэта не зварачаць увагі, заглушаючы сілком думкі