Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/245

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на здраду работніцка-сялянскага ўраду і Чырвонай арміі. Тады ён кожны раз глушыў і нішчыў гэтыя доказы, бо захаванае ўглыбі яго душы пачуцьцё шчырага рэволюцыянэра-народалюбца прабівалася напаверх і патрабавала сабе пачэснага месца. Панкел зразу перарабляўся і станавіўся бадзёрым, палкім абаронцам рэволюцыі, яе адважным салдатам.

Праўда, чым далей прамінаў час, тым утома ўмацоўвалася ўсё болей і болей, маркотнасьць паглыблялася, і шчырае пачуцьцё рэволюцыянэра-ваякі гасла, зацьмявалася. Казарма й вайсковасьць, вайна й раны, шпіталі й мукі цяжарным каменем ціснулі яго з усіх бакоў. А закраўшыся ў сэрца жуда па роднай сям’і і кутку пасабляла гэтаму. Ня дзіва, што гэткія абставіны лёгка падгатаўлялі ў ім добрую глебу для ядрага ўзросту ліхому семені.

На гэтку вось глебу якраз і ўспаў Проў, сумеўшы закінуць у парушаную душу Панкела праступна-завабнае слова. І хоць ня так ужо лёгка гэта яму далося, — Панкел як-ні-як пільна азіраўся вакол, не забываў і другога боку справы, стараючыся падлічыць тыя скуткі, да якіх хіліць зьмена рэволюцыі, — але-ж усё-ткі паддаўся, з натугам, з нутраной барацьбою, ды паддаўся. А паддаўшыся, у хуткім часе яму стала гэта рупіць, стала балець. Яго душа рзздваілася, і між дзьвюма яе часткамі ўзгарэлася барацьба, якая пачала мучыць Панкела, дратаваць усю яго істоту. Страшныя вобразы- зданьні і мары-выгляды панесьліся перад ім. Панкел раз-за-раз зрабіўся бязмоцнай трэсачкай на ўздыме іхніх бурных хваль, бязвольным і бязмоцным стварэньнем… Вакольная сапраўднасьць зрабілася страшнай выявай. Ім абуяў нейкі нявыразны спалох, і вось-вось гатавалася вырвацца з усіх часьцін яго істоты, пагражаючае злому духу, вырашэньне: кінуць, ня йсьці з Провам, праклясьці тую хвіліну, у якую даў яму сваю згоду. Але якраз на парозе ды выяву гэтага рашэньня ўзьнялася якаясьці варожая яму сіла; яна абурыла істоту Панкела, і ён быў бязвольным, пакорным у яе абдыме і пад яе ўказку сказаў-пастанавіў: «Няхай будзе як будзе, а калі ўжо парашыў — ня буду