Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/244

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Проў стрымаў сур’ёзную міну на твары, нават вокам не маргнуў; усе вынікі ад перамогі над істотаю Панкела ён перанёс у нутро, і адчуваў сваю ўрачыстасьць.

— Заўтра я табе падам знак, — сказаў ён, падняўся і пайшоў ад Панкела.

А гэты сумненным узрокам правёў яго да месца, адвярнуўся, пацягнуўся некалькі разоў і, стараючыся быць спакойным, з закончаным рашэньнем улёгся спаць.

У казарме панавала ціша. Чуўся здаровы ня рэзкі храп соладка спаўшых чырвонаармейцаў, ды з-за вакна даносіўся тупат шагоў вартавога і рэзкі брэх сабак. Сумная лямпа-газоўка слаба дагарала, і полымя яе агню нясупынна калыхалася, ганяючы па памяшканьні страшлівыя цені.

Панкел ляжаў спакойна й нярухома, але сон да яго ня йшоў: на яго раптам нахлынулі думкі; быццам і пакідалі яго пасьля расстаньня з Провам толькі дзеля таго, каб асьвяжыцца, набрацца сіл і наймацней ашчаперыцца за голаў Панкела. Спрачацца гэтым думкам нельга было ніякім чынам: і Панкел захапіўся імі цалкам. Наступнае, на вошта ён толькі што даў згоду, вырасла ў цэлую гору, раздалося ва ўсе бакі, ахапіла яго сьцяною свае цемні і акрыла, бы мяшком, хаваючы сьвет і жаданьне, і думкі, і волю, калі яны датыкалі чаго іншага. У вобразах жывых зьявішч, вагромністых і цудоўных, уставалі розныя запытаньні: як і чым усё гэта скончыцца? Што з гэтага выйдзе? І… страшней і пагрозьней іншых: ці варта такі яму, Панкелу, на гэта йсьці? Мала што Проў стараўся ўгаварыць, пераканаць яго, што ўсё задуманае варта мэты, што яно беспраменна вымушана патрэбамі поўнасьці яго, Панкела, жыцьця? Мала, што Проў лічыў свае доказы Панкелу важкімі й значнымі, нібы новымі, дагэтуль невядомымі яму, аднак Панкел глядзеў на іх ня сур’ёзна, лічачы ўсё выясьненае яму вядомым і старым; да таго старым і асвойтаным, што не хацелася паглыбляцца думкамі. Панкел пачасту сам ужываў іх для ўгавору сябе самога, калі да яго часамі надыходзіла пачуццё ўтомы і маркотнасьці і злы дух падбухторваў на праступак, на здраду справе працоўнага люду,