Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/246

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адступаць. Я-ж усё-ткі не адзін ды й не ануча». Пасьля некалькіх пераказаў гэтага рашэньня Панкел на ім спыніўся, супакоіўся, агарнуўся коўдраю ды соладка-соладка заснуў, бы забіты…


V

Назаўтра — ня гледзячы на тое, што позна заснуў, Панкел прачнуўся адзін з першых і адчуваў сябе нішто, нават бадзёра.

Хваля казарменага жыцьця абдала яго ўсяго і ўсяго захліснула. Гарбата, праверка, прыбраньне, сход — нішто не прайшло паўз Панкела, каб яго не зацікавіць. Нават, паягонаму, яксьці ўсё гэта сёньня выглядала шмат цікаўней, як заўсёды, дагэтуль: хоць усё гэта было й знаёмым, але сёньня сьвежым. Праз гэта час імчаўся хутка й няпрыметна, так што не пасьпеў Панкел і аглядзецца, як падасьпеў абед, а за ім і вячэрні чай. Дзівіла, цікавіла і трохі суміла яго толькі тое, што на працягу ўсяго дня ня прышлося яму сустрэцца з Провам і атрымаць ад яго заўчасна абяцаны ім знак; паміж тым, думка толькі й вярцелася вакол гэтага фокусу. «Што-колечы нядобрае, мабыць. Ці не перамяніў толькі Проў сваіх думак аба мне? Сумеўся і толькі… і меў рацыю, бо гэтак доўга я не паддаваўся, валэндаўся з ім, вадзіў яго за нос… А гэта — невытрываласьць і перашкоды… А дарэмна — трэ’ было йначай рабіць… Вадзіў-вадзіў — і потым ні то згадзіўся, ні то — не. А чаму-б мне было зразу не зрабіць гэтага? А то… каб хаця не наадварот усё гэта выйшла — тады-ы»…

Панкела агартаў сум, а ў душу закрадваўся нейкі сполах. Ён не на жарты пачынаў шкадаваць, чаму не зрабілася ўсё без яго, каб ён ня знаў і ня ведаў… Чаго і як яго злучыла з гэтым Провам, які так аблутаў яго душу…

І вось, якраз у самы разгар гэтых яго роздумаў і раскаяньня, зьявіўся Проў. Падышоўшы няпрыметна да задуменага Панкела, ён крануў яго пляча і паўшэптам праказаў:

— Усё ўжо гатова! Зьбірайся, брат… Якраз патвойму і выйшла: на разьведку пойдзем.