Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/243

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рашучым, а не анучай, мачулай. Ну… Згодзен ці не? А то ўжо трэба лажыцца спаць і… канчаць… Кажы, Панкел, згодзен?

Манкел увесь сьціснуўся, нібы ўвайшоў у думкі, натужыўся ў разгадках гэтых думак, зачапіўся за перамогшую з іх і, трымаючыся яе, запытаў:

— А які ваш плян?

Проў прысеў, зьмяніў міну й дабрадушна адказаў:

— Памойму, навошта табе заўчасу ведаць… Ты-ж усё яшчэ не рашыўся… І толькі новых сумненьняў нажывеш.

А думка напірала на Панкела.

— Мне трэба ведаць усё, каб я мог ноччу абдумаць, вырашыць і тады… — настойна сказаў ён.

Проў спусьціў тон.

— Скажу табе праўду, Панкел: ніякага вырабленага пляну няма… Ды навошта той плян? Усё ў маіх руках… Вось па згаворанаму знаку зьбярэмся і…

— Чаму вы так цудна кажаце: няма! Ня так-жа гэта проста — узяў і пайшоў.

— А амаль ня так: зьбярэмся і пойдзем… Пойдзем сьмела, і ніхто ня верне.

— Ці-ж вы спадзяецеся, што так удасца?.. Ой, я бачу, што мы… Слухайце, Проў, а каб…

— Ну, ну, ну?!

— Вось, лепей было-б так: выпрасіцца ў разьведку, а вам узяць камандаваньне ёю, і тады выйдзе шыта-крыта… — парадзіў Панкел, забыўшы сумленьне, кінуўшы роздум і падданы ўгаворам Прова.

А гэты давольна ўхмыльнуўся, і на твары яго бліснула лёгка-хітрая ўхмылка, так-жа хітра зажмурылася левае вока, і ён коратка і выразна сказаў:

— Так, яно так і будзе. О, брат, мы ведаем, як і што зрабіць…

Панкел упяршыню неяк прасьвятлеў, ажывіўся, нібы ім заўладала нейкая асобная сіла, якая сагнала ўсё старое і вымавіла вуснамі Панкела:

— Тады… рабеце… я з вамі… я ваш… я ад вас не адстану…