Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ты — астрожнік. Табою распарадкуецца чужая воля. Падумай, колькі табе давялося перацярпець гора, перанесьці мук, недахваткаў і розных нягодаў? Сам ты казаў, што каля дзесяцёх разоў цябе адпраўлялі на фронт і каля дзесяцёх разоў ты вяртаўся раненым, ледзьве жывым… Болі, шпіталі, галадуха… Нуда, маркота, журба… А цяпер вось ты йзноў перад тварам сьмерці, на нажох і сярод куль. А за вошта, запытай? Што ты дастаў за гэта для сябе? Для сям’і? Нічога!.. І не дастанеш, павер… А згубіш жыцьцё дарэмна, за няма-што… Вось табе апраўданьне… Бяры, разьбірайся… Як яблыка — круглае, як сонца — яснае. Бяры — пераконвайся…

Проў пільна ўзорыўся Панкелу ў вочы і з хвіліну пранізваў іх сваім вострым, калючым і цяжкім узрокам. Ажно Панкел ня вытрымаў холаду яго вачэй і прыхмурыў свой погляд. Яму стала раптам неяк млосна, ніякавата. У душы заскрабло сумненьне, у галаве замітусіліся адрыўныя няясныя думкі, туманна-нявыразныя, але колкія; жаданьні засьвідравалі грудзі.

«А, бач, многа шчырай праўды ў словах Прова, — мігнула ў галаве Панкела, — сапраўды-ж, калі я пачну ўжо жыць пачалавечаму? Калі я вырвуся з гэтых балючых ланцугоў ваеншчыны? Калі я пачую сябе вольным?»

Гэтыя яго думкі Проў перабіў запытаньнем.

— Ну, дык што ты скажаш? Нябось, усё яшчэ думаеш сумнявацца й надалей?

Панкел адказаў ня зразу, нібы ня маючы магчымасьці выявіць тое становішча свае душы, якое апанавала яе пасьля праколваючых слоў Прова. Ён мусіў пачакаць, падумаць… і толькі праз хвілін пяць адказаў:

— Але, сумняваюся.

Проў падняўся, недавольна зарухаўся, адвярнуўся ўбок, потым выразна паглядзеў на Панкела і сказаў:

— Дарэмна, браце… Мыляешся… з-пад рук выпушчаеш волю… я табе кажу! Адгані прэч сумненьне… Бяры, калі ляжыць каля рук. Будзь чалавекам цьвёрдым, упэўненым,