Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/241

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Такі й ня веру, бо калі тое і было, то можа ў сьне, а не сапраўды… Многа ёсьць доўгіх языкоў, каторым трэба часацца аб што-колечы… Ды на ўсё трэба рашчот палажыць… Вось, вер, браце, мне: што датыча нас, то я ручаюся галавою, што мы ў іх будзем, як у Хрыста за пазухаю… Ты мне ня верыш? Тады… вось маеш з сабою набіты сямю кулямі рэвольвэр… — Проў спотайку працягнуў Панкелу руку з рэвольвэрам… — На, вазьмі, і ў выпадку таго, калі я хлушу табе, пускай у мяне ўсе кулі… Згодзен? Хочаш?

Панкел задумаўся.

— А скажэце, калі ласка, — раптам загаварыў ён, — чым-жа мы, мецьмем апраўдаць такі нехарошы наш паступак?.. Бач, сумленьне будзе мяне мучыць, што я прадаю справу працоўнага народу, што я зьмяняю дзелу свабоды…

Проў ня даў Панкелу дагаварыць: ён сьціснуў яго руку і перабіў на слове.

— Чым апраўдаць? Гм! Якое каму трэба даваць апраўданьне? Перад кім? З якое прычыны?.. А калі ўжо так, перад самім сабою, дык проста сваёй уласнай карысьцю, сваёй уласнай выгадай… На сьвеце даражэй усяго чалавечае жыцьцё, яго самотнасьць… Чалавек, асоба — гэта асобны цэлы сьвет, як асобная дарагая будыніна. Вось гэту будыніну й трэба ахоўваць, сьцерагчы… Трэба, каб яна прастаяла належачы ёй тэрмін, як найбольш карысная для сябе… Разумееш, чалавек — гэта сьвятая рэч і, як сьвятую рэч, яго трэба шанаваць у імя таго жыцьця, якое яму дадзена, у імя шчасьця гэтага жыцьця… Хто-ж цябе пашануе, калі ня ты сам? Хто аб табе паклапоціцца, калі не ты сам? Бачыш — з цябе зрабілі бескаштоўную рэч, якую шпурляюць усюды, як трэску… Трэска падае ў воду — тані; трэска пападае на агонь — гары… І ты згарыш загадзя, як трэска, калі ня вырвешся з цэпкіх рук, што хапіліся за тваю самоту… А сям’я? А родныя? Жыць з імі разам, стрэўшыся пасьля доўгай разлукі… Жыць вольна і незалежна, ахоўваючы сябе ад пасяганьняў на тваё шчасьце і волю… Вось, як цяпер. Ласьне ты жывеш? І ласьне, наогул, ты — ты? Вядома, што — не. Ты — нявольнік казармы, ты — раб,