Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сьвяты. Яны-ж чакаюць вялікадня, як бога, думаючы, што гэтак, як у людзей, угледзяць і сёе і тое… Ды з боку суседзяў ніякавата зусім: кажуць — «і на каробку ня маюць».

— Ну, што-ж, ня маем, — адказаў Антось: — тут не вялікая ганьба. Будзе заўтра час — будзем мець… А з дзяцьмі — няпраўда — авось заўтра паспрабую расстарацца грошы і купім мук: — мо’ сышчу ў Іцкі за сёньнешні дзень, а то дапазычу ў Ермалая — і зладзім сёе-тое, хоць з большага…

Антось абярнуўся да дзетак, якія заспакоена слухалі бацькаўскую размову, прытуліўшыся каля прыпеку.

— Нічога, малыя, я вам расстараюся к вялікадню сяго-таго. Будзе й булка, будзе й парасяціна… Вось прасеце ў мацеры вячэраць ды лажэцеся спаць.

Дзеці палезьлі за стол, а Юстына завінулася каля печы.


II

Назаўтра Антось Ступа йзноў пайшоў у падзёншчыну да Іцкі. У яго з самага ранку, толькі што прачнуўшыся, склаўся гатовы плян вызыску грошы к сьвятам. У абед, разьлічаў Антось, ён зайдзе да Іцкі і возьме плату за два праробленых дні, а вечарам, ідучы да хаты, заскочыць да Ермалая пазычыць з рубель. Чамусьці Антось ні каліва не сумняваўся ў тым, што яго разьлікі спраўдзяцца, і спакойна, нават з лёгкай бадзёрасьцю, справодзіў работу. За работаю зусім ня прымеціў, як праскочыла паўдня; у абед Іцка падышоў да яго і запытаў:

— Што-о, Антось, мусібыць ты сёньнека абедаць ня пойдзеш?

Антось выкарыстаў гэта, каб папрасіць у Іцкі грошы.

— Пане Іцка, — абярнуўся ён да Іцкі: — я ўжо сам хацеў ісьці да вас прасіць грошы, а як вы падышлі ка мне, та тым лепей. Ведаеце, сьвяты прышлі, а ў мяне яшчэ нічога ня куплена. Вось, можа, будзеце ласкавы, ды заплаціце мне за гэтыя два дні? Га?