Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

купіць к сьвяту, бо ўжо толькі акрайчык на стале… Няхай ужо людзі спраўляюць каробкі, а мы… пражывём сьвяты і так… хаця-б быў хлеб…

Пакуль Юстына казала гэта, дзеткі дапытлівымі ўзрокамі вадзілі ад бацькі да мацеры і зьдзіўлена пераглядаліся паміж сабою. Калі-ж маці змаўчала, Сёмка ўпінна праказаў:

— А чаму-ж ува ўсіх будзе каробка, а ў нас не?

— А таму, што ўсе багацей ад нас: і свой хлеб маюць, і назараблялі яшчэ грошы з фурманамі, а твой бацька праз ўсю зімку й капейкі меднае не зарабіў… Бачыш, не рамесьнік ён у нас, дый досьціпу няма, непракідкі ні каліва, ні званьня…

Дзеці пераглянуліся паміж сабою, ня ведаючы, што казаць.

— Вучы дзяцей бацькі неўважаць! — паднятым голасам выгукнуў Антось да жонкі: — папрабуй ты зарабі… заробіш! Дзе ты тут заробіш! Пэўна, каб быў рамясьніком — та было-б лепей, але што-ж зрабіць, калі бацькі не наўчылі. Упхнулі ў грабары змалку — і мушу цяпер зямлю капаць… Што-ж, зімою не ўкапаеш… Гэта не языком мяньціць… Вось добра, што да вясны працягнулі…

Юстына, праслухаўшы гаспадара, замоўкла й адвярнулася ў вакно: ёй паказалася, што яна дарэмна ўпікнула яго на гэты раз. «Антось кажа праўду, што ён нявінен у нашым бяздольным жыцьці. Пэўна, суджана ўжо так», парашыла яна сама з сабою. І ёй стала ніякавата перад гаспадаром, што кожны раз у цяжкім адчаю яна вінаваціць яго за іх дрэннае становішча.

Юстына паглядзела на Антося і, убачыўшы яго пакорліва-маўклівую міну, папікнула сябе за сваю нецярплівасьць перад ім. Разам у яе вынікла спагада да мужа і патрэба папрасіць выбачэньня за рэзкі няпуцёвы напад.

— Ведаеш, Антось, я-ж зусім ня віню цябе. Мне так горна і цяжка на душы, што я мімаволі вазьму й пакрыўджу цябе, — як-бы перапрашаючы, сказала Юстына: — падумай сам, ці-ж лёгка ўгаварыць дзяцей, ня даўшы ім куска булкі на