Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/235

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якія прынясе яму фронт, а Проў ня лічыў патрэбным пакуль што падгарачваць Панкела сваім настойным дапамінам: ён быў пераконаны, што яго агітацыя ня пройдзе дарма, што скуткі яе глыбока сядзяць у Панкелавай душы, і варта толькі ў любы час да іх дакрануцца, як яны абудзяцца. За гэта Проў быў спакоен.

І абудва з іх бачылі ў часовай чэрствасьці сваіх адносін звычайнае зьявішча.

Праўда, Панкел часта-густа, адыходзячы ад месца стрэчы з Провам, міжвольна задумоўваўся, няпрыметна азіраўся і недавольна казаў:

— І напрэцца ён заўсёды на мяне, ліха на яго!

Так няпрыметна мінаў час, так няпрыметна праляцеў і ўвесь тэрмін дарогі.

І калі эшалон прабягаў апошні прагон, Панкела ахапіў нейкі трывожны настрой, яму яксьці ня верылася, што ўжо яны хутка прыедуць на месца; мігала хаценьне, каб час расьцягнуўся яшчэ надалей, каб сама язда прадоўжылася.

Панкел стараўся адганяць думкі аб тым, што вось-вось яны прыедуць, спыняцца і пачнуць выгружацца; ён нярухома ляжаў на палку вагона і не зварочваў ніякай увагі на рухавасьць заклапочаных таварышоў.

Гэта яго паказная й натужная нядбайнасьць нават зьвярнула на сябе ўвагу некаторых яго таварышоў, якія клапатліва і нэрвова забегалі па вагоне, зьбіраючы рэчы, скручваючы шынэлі і аглядаючы вінтоўкі.

— Ну, а ты-ж як, Панкел? Так і ня думаеш вылазіць на Быстраўцы? — зьдзіўлена пытаў яго сусед, азіраючыся на Панкела.

— А ён паедзе проста, праз фронт, да дэнікінцаў у госьці, — падказаў другі, усьміхнуўшыся.

— Што-ж за дзіва! — дадаў трэці, — бач, Панкел і родам з дэнікіншчыны.

Панкел маўчаў, нібы не аб ім зусім і гутарка йшла. «Няхай баўтаюць, што хочуць», падумаў ён, «языка не адрэжаш або ня прывяжаш к зубам»… І сам адвярнуўся да сьценкі.