Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/234

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

камісара вызвалі на перагаворы к простаму проваду, дзе ён прабыў увесь час астаноўкі, не пасьпеўшы адказаць на прывітаньне і падарунак сьцягу прыйшоўшай на станцыю рабочай маніфэстацыі!

Панкел абурыўся, зажурыўся і хацеў ужо пасылаць праклёны і камісару, і камандзіру, і начальніку станцыі. «Як-то яны мелі права так зрабіць? Чаму разьбілі яго пляны? Гэта знарок, сумысьля? — Але на хвілю спыніўся, падумаў і супакоіўся. «Што-ж! Нічога ня зробіш! Прыдзецца пакінуць на другі раз. Усё роўна яшчэ пасьпею сказаць!?» І хоць бадзёрасьць крыху апала, усё-ткі далёка было да суму, да жуды. Ня ўплыло й гэта на Панкела і ў сэнсе пахілу яго думак да Прова.

Зусім не!

Праз два дні Панкел, седзячы ў другім вагоне, нават і не сустракаўся з ім. Калі бачыў здалёк, то спакойна прапускаў між ваччу. Неяк абуднілася ўсё й пасумнела перад нахлынуўшым пачуцьцём рэволюцыйнага настрою. Толькі на трэці дзень з часу ад’езду, а назаўтра пасьля таго, калі Панкелу не ўдалося сказаць прамову, Проў на аднэй станцыі падбег да яго, хапіў за палу шынэлі і спыніў. Проў быў задуменным і ня прымеціў нездаволенай міны Панкела, які ў гэты момант не хацеў з ім ні за што спатыкацца.

— Штосьці цябе й не злавіць, братка, — суха праказаў Проў.

Панкел крануўся йсьці.

— Чаго-ж уцякаеш так хутка? — запытаўшыся, дадаў ён.

— Сьпяшаю… Вось хіба ўбачымся з вамі і пагутарым на месцы, — нядбайна адказаў Панкел і крута, недалікатна нават павярнуў ад Прова. Гэты скрывіўся, пагрозна матнуў рукою і пабег.

Пасьля гэтага выпадку яны яшчэ пару раз спатыкаліся на станцыях, у гушчы таварышоў, але абміналі адзін другога і, нібы чужыя, разыходзіліся, не абмовіўшыся словам. Панкел не спрабаваў вызываць з нутра маўклівыя перажыткі нядаўных гутарках з Провам, насуленых ім плянаў і рашэньняў,