Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/233

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праз усю дарогу Панкел быў у гэткім паднятым настроі, што з надзвычайнаю цікавасюцю лавіў кожнае слова прамоўцаў, дапускаў іх да сэрца і салодка, ваяўніча адчуваў сваё пачуцьцё ў іх.

На адзін з чародных мітынгаў Панкел нават сам папрасіў у камісара сказаць невялічкую, але моцную, гарачую прамову, і, дастаўшы згоду, зразу-ж пачаў гатавацца. Скляпеньне, форма прамовы ў яго галаве злажылася паміж яго патугі, сама сабою, і на перагоне Панкел стараўся яе абгладжваць. Кожную думку, кожнае слова ён разьбіраў з усіх бакоў, перастаўляў з месца на месца, чарадаваў з другімі, падмяняў, дапасоўваў мацнейшае па ўкладзенай у яго сіле пачуцьця да слабейшага. Сваю прамову Панкел кіраваў на адну мэту, намерваўся зьбіць ёю адну цэль: бадзёрым і магутным пазывам заплаціць у сваіх таварышоў смагу бесспагаднай помсты да ворагаў працоўнага народу, да нішчыцеляў волі беднага, прыгнеценага люду. Стараўся ўлажыць у душу чырвонаармейцам жалезную ўпартасьць і загартаваць волю да рашучай перамогі над ворагам. Усё, што адцягвае думкі ад гэтага сьвятога дзела, што сваёю самотнаю дробязьзю засмучае сэрца, наганяе жуду і адбівае надзею, Панкел мусіў зганіць і зьвесьці на нічога, задушыць. «Толькі йсьці ўперад, як ішоў я й дагэтуль».

Хутка Панкел нашчэнт быў захоплен думкамі аб сваім выступе перад таварышамі. Патрошку ўражаньні яго пачалі маляваць вобразы розных момантаў з руху грамады, які станецца пад уплывам яго слоў. Вось у адзін момант твары ўсіх зробяцца сур’ёзнымі, парывіста ўсе замахаюць рукамі, паціснуцца ўперад, потым пасьпяшаць у вагоны і патрэбуюць хуткай адпраўкі ў бойку… Яго, Панкела, будуць насіць на руках, гайдаць, гукаць, каб ён быў іх правадыром. «Эх, даехаць-бы хутчэй да ўмоўленай астаноўкі» — у тахт стуку калёс пераказваў сам сабе Панкел…

Нарэшце дачакаўся — прыехалі. Цягнік спыніўся… Панкел першым выбег на станцыю, паглядзеў ва ўсе бакі, каб злавіць камісара і адчыніць мітынг, але — прымха — ды годзе! —