Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/230

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

усяго да дзесяці разоў, ён перамацаў кожную рэч, каб праканацца, што нічога не забыў.

То было на трэці дзень. І якраз, калі яго, Панкела, клапаціла капаніна ў маемасьці, у казарме камісарам быў склікан сход чырвонаармейцаў. На сход была сабрана амаль ня ўся казарма. На сходзе абгаварваліся бягучыя пытаньні, зьвязаныя з наступным паходам, з цяжкім становішчам на фронце, якое вымусіла гэты іх паход; перш камісар, потым камандзір, а далей яшчэ з комуністых іх роты два таварышы, у сваіх гарачых прызыўных прамовах, чорнымі фарбамі абмалёўвалі цяжкія часы, напаткаўшыя савецкія рэспублікі, заядлыя патугі ворагаў працоўнага народу зьнішчыць савецкую ўладу і аднавіць свае старыя, пабудаваныя на няволі рабочых і сялян, парадкі. Усе прамоўцы адмячалі сьвятую павіннасьць кожнага з чырвонаармейцаў забыць усё, што злучана з іх прыватным жыцьцём, і сьмела ды цьвёрда йсьці на ворага.

Панкел сядзеў увесь працяг сходу на сваёй койцы, калупаўся няпрыметна ў сваім куфэрку, і многія словы прамоўцаў прапускаў паміж вушэй. Праўда, праз гэта ўражаньне яго ня губілася ад прызыўных слоў, сэрца не маўчала спакойна. У Панкелавым нутры ўздымаліся ваяўнічыя пазывы, рос бадзёры настрой, варушылася злосьць да ворагаў працоўнага народу… І калі пасьля сходу чырвонаармейцы сталі жыва абгаварваць прамоўцаў, хто хвалячы, хто ганячы кожнага паасобку, то Панкел міжвольна адчуў, што яго жаданьне: «хутчэй на фронт!» пашырылася, вырасла ў вялікую сілу і заўладала ўсёю яго істотаю… «Фронт!» — нібы чыйсь голас шаптаў яму на вуха, і ўсе думкі, бы пчолы ля кветкі, вярцеліся вакол значнасьці гэтага слова. А з думкамі ўставалі і ўражаньні, якія мастацка-выразна, ні то малявалі, ні то выяўлялі бачаныя ім, Панкелам, мясцовасьці, іх разлогі пры лясох, абапал рэчак, дзе за ўзгоркам палявы штаб прымасьціўся ў балаганах. Нават выяўна чуліся стрэлы, выкрыкі камандзіраў — усё знаёмае, нядаўнае, перажытае і…