Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/229

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

крыху супакоіла. Але зараз-жа ў галаве яго запанавала кіруючая думка: «На фронт!».

«На фронт!» — у гэтым сыходзілася ўся агульнасьць, злучаная з пераменаю абставін, з узбурэньнем новых думак і пачуцьця разьбітае, надарванае самотнасьці. «На фронт!» — перш няясна, украдчыва, неадметна варушылася дзесьці на задворках Панкелавай душы, а потым усё жывей, выразьней, назойлівей высоўвалася напаверх новае пачуцьцё, ад якога нельга было адкасьніцца.

І Панкел стаў чакаць таго моманту, калі да яго вушшу кранецца пазыў-вокліч: «Зьбірайся ў паход!»

Чаканьні заўсёды ўздоўжваюць час, робяць яго цяжкім і з гэтым козлытна-цікаўным: хочацца дачакацца хутчэй, а на краю спатканьня з дачаканым — ужо хочацца расьцягнуць час выпаўненьня чаканьняў…

Панкелу прышлося чакаць пяць дзён. Для яго гэты час здаваўся вельмі доўгім, калі ён пераносіўся думкаю да апошняга дню, а ўжо на пяты дзень Панкел мог выліць сваё пачуцьцё ў словах: «Як хутка праляцела!» І, азірнуўшыся назад, ён убачыў, што гэтыя пяць дзён перабыліся (бо куды там было да жыцьця!) на адзіноце, воддаль ад таварышоў, бяз стрэчы на’т з бліжэйшымі з іх. І гэта было таму, што Панкелам валадала нейкая бясьцікаўнасьць да ўсяго, апроч фронту, з туманным яго выразам; ім валадаў такі настрой адчаю, што хацелася ўсяму сьвету гукнуць: «Для мяне цяпер ты не патрэбен!» — каб адкасьніцца і маўчаць-маўчаць…

Пры гэткім настроі зусім зразумела, што Панкел на ўсе замеры Прова пагутарыць з ім адказваў хлусьнёю, што нібы яму нямашака часу, або баліць галава, ці нядобра на сэрцы.

Але ў гэтыя дні, калі ўвесь сьвет быў чужы для Панкела, блізкі паход на фронт вызначаў многія самотныя яго інтарэсы. Так, Панкел загадзя старанна сабраў свае рэчы, раскіданыя і на гваздох у слупе, і на койцы пад падушкаю, і пад койкаю; пасартаваў іх па іх вартасьці і карыснасьці для сябе і акуратна запакаваў у куфэрак: няхай будзе напагатове. Раз-по-разу,