Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/231

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

агорклае, абрыдлае. «Няхай-бы ня бачыць усяго гэтага болей!» — шавялілася спотайку нейкая адваротнасьць… але пазыў «на фронт!» — зацьміў усё.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

І калі ў суботу з раніцы Панкел спрасонку пачуў знаёмую ўжо яму каманду: «Уставай! У паход сабірайсь!», то раптам бадзёрасьць ахапіла ўсю яго істоту: Панкел стаў жвавы, рачысты, рухавы; з твару ня сходзіла жывая ўхмылка.

Нібы на спрунжынах, ён хутка падняўся з пасецелі першым, папіў гарбату, першым сабраўся і першым выбег на дзядзінец. Увіхаўся, нібы сьпяшучы на цікаўны баль ці ў госьці да прыяцеля; чуў у сабе, як і бывала, з маладых гадоў, вострую цікавасьць да людзей, з якіх усе тыя, што мігалі перад яго вачмі, былі па душы, здавалася яму, блізкімі і мілымі. А Проў, дык той зусім захапіў яго сваёй таемнасьцю, так захапіў, што вымушаў яго сачыць за сваёю бегатнёю па казарме, настарожвацца чутка да кожнага яго слова. Натыркаючыся на Прова, Панкел ухмыляўся прыемнаю і мяккаю ўхмылкаю, якая казала Прову: «А я ўсё-ткі шаную цябе». Проў выразна вычытваў гэтыя словы, ведаў, што іх пісаў настрой душы Панкела і, здаволены, паказваў выгляд, што адказвае яму тым-жа самым. Толькі выпадкова яны ня стрэліся ў той дзень ды душа ў душу не пагутарылі.

Панкел да таго аддаўся збору на фронт, да таго захапіўся цікавасьцю блізкага паходу, што цалкам узайшоў у яго рух, клапатлівасць, у яго баявую трывожнасьць. Ён пачаў злаваць, бачачы, як многія з таварышоў-чырвонаармейцаў нядбайна, гультаявата і марудна зьбіраюцца; дваіх нават упікнуў за іх знарочыстую маруднасьць.

— Вы-ж на сходзе гэтак голасна гукалі: «Памрэм ахвотна! Хоць сёньня на фронт!» — прыпомніў ім Панкел, каб балючай іх уразіць.

Затое, калі ўсе выйшлі на двор, пастроіліся ў роўную шарэнгу, ён радасна ўздыхнуў і лёгка павярнуўся направа, першым зрабіўшы цьвёрды і ўпэўнены крок у вароты.