Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/228

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кажа, — судзіў сам з сабою некалькі разоў у дзень Панкел: — Проў радзіць і ўгаварвае… Проў абяцае… Няўжо гэта ён шчыра і бяз задніх думак? І няўжо-ткі яму паверыць? Няўжо ён мне дабра хоча? Значыць, паверыць яму, паслухаць яго і йсьці за ім?.. Н-не! Гэтага я ні ў якім разе не магу парашыць… На гэта я ня-а… пайду ні за што!..»

Як-бы ў даказ гэтага Панкел матаў галавою, рабіў цьвёрды мах рукою і крывіўся… «Не зраблю, бо штосьці мне гэтага не дазваляе, штосьці перашкодзіць гэтаму… Ды падазронасьць бярэ: чаго гэта Проў так шчыра ўжо захвальвае «сваіх казакоў ды дабравольцаў» і ганіць бальшавікоў і просты рабочы народ… Бадай, што тут ёсьць нешта нячыстае. «Людзі брэшуць! Бальшавікі нагаварваюць!» — кажа ён. Нябось, тут не нагаворыш, калі многія сваімі вачамі бачылі і на сваёй скуры перанесьлі ўсе казацка-генэральскія даброты… О, гэта паганцы і злыдні такія, што ад іх дабра не прычакаеш… Казакі! Хто іх ня ведае? Колькі яны крыві работнічай і сялянскай прапілі, баронячы цара! Го-о-о!» Але гэтыя думкі зьмяняліся другімі: «А мо’… можа праз Прова і інакш усё можна было-б зрабіць… Відаць, ён там свой, закіне словам-другім — і я дома… Што значыць аднаго чалавека адпусьціць? Хто гэта прымеціць?..»

Панкелу было не да яды: ня цікавіла і кропкі. Уся завіруха пачуцьця, узбураная варункамі, усе абставіны, выпхнутыя напаверх жыцьця скуткам яго лёсу і прапёршыся, загнаўшыя сваю афяру ў цесны куток, зьляпіліся ў нешта адно, цяжкае, балючае, залезшае яму ў нутро і скрабаўшае за самае ценькае і каразьлівае месца.

Няўрымна, назойліва гняло яно Панкела, дражніла, шпігавала дрыготным сьвербам: «Як тут рабіць? Куды схіліцца? На фронт і за Провам? На фронт і таксама да забыўнасьці, шчыра і верна нясьці сваю службу, як і ўперад? Куды пахіліцца? Дзе чакае мяне лепшы лёс? Не разьбяруся — ды годзе! Не растлумачыў сам сабе! Зайшоў у гэткі куток, хоць задушыся — ды годзе… Не, трэба аддацца на волю лёсу, на хвалі жыцьця»… Махнуў упэўнена рукою Панкел, і нібы гэта яго