Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/226

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Панкел шчыра падумаў, потым дапытліва адказаў:

— Ну, добра; а калі я й згаджуся, рашу, то як гэта будзе там, на фронце, вымеркаваць?

Проў шчыльна прытуліўся да Панкела і на вуха прашапцеў:

— Гэта ўсё будзе зроблена і абмяркована падрабязна… Ты зойдзеш да мяне, я буду ў штабе і пазаву цябе… Там у нас усё наладжана — цэлы гурток ёсьць, організацыя цэлая. Вось там мы ўсё і абладуем… На фронце ўсё відней, спрытней, а тут… нельга сказаць, як выйдзе… Галоўнае — будзь пэвен; пільнуйся мяне: я аб усім табе буду казаць, як і што рабіць. Ну, як, Панкел? Латва?

Панкел памаўчаў. «Ён ужо здаўся! Далей ня выцягне», прабегла ў думках Прова, ён падняўся з месца і пацягнуўся. Яго твар выказваў радасьць перамогі яшчэ над адным чалавекам.

— А хочаш, — прыгнуўся ён к Панкелу, не даючы яму апамятавацца ад разам нахлынуўшых на яго думак і ўздыму пачуцьця, — і ты можаш быць залічаным да нашай хэўры… Ты можаш сьмела падгаварваць і другіх сваіх таварышоў: бач, бліжэйшых да цябе і надзейнейшых… Цішком, вобмацкам, выпрабоўна… Кожны чалавек — лішні гвозд у справу. Чымсьці болей нас будзе — тым сьмялей і вярней… і ахватней… Папрабуй, а ну-ж і ўдасца… здалёк так, з падходам…

Проў прытуліўся да яго вуха…

— У нас за гэта плацяцца грошы. Ды іншая падзяка даецца… Такі ўжо зроблен парадак… Прабуй… перш шапні, памацай, як кажуць, бяз імяў, здалёк… як нічога-б сам ня ведаў, а, бач, з чутак, з перадач… вядома, нібы звычайны чырвонаармеец сярод сваіх… — асьмеліўся пасуліць Проў, угадваючы падатлівасьць і прыхільнасьць да сябе Панкела.

— Самае важнае для мяне — гэта дамоў-бы на кароткі час… тады-б… то-ж ад фронту недалёка… Вось мо’-б гэта праз вас можна было-б, то… — дапытліва праказаў Панкел.

Проў здаволена ўсьміхнуўся.