Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/224

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пачалі трашчэць… Можна цяперка арудваць з посьпехам… латва… Вось на заўтрашняй рахубе трэба будзе збрадзіць усё і брацца за справу стараньней… Толькі пагнуць у гэты бок… як належыць…

— Слухай, Панкел, а давай паспробуем зрабіць так, каб нам зусім ня ваяваць, добра? — асьцярожна парадзіў Проў.

— А ласьне гэта можна зрабіць? — зацікавіўся Панкел, нібы акрыяўшы ад нейкага сполаху.

— Гм! як зрабіць? — Проў агледзеўся вакол па казарме; гэта зрабіў і Панкел.

— А вось… — пачаў ізноў Проў, — на фронт пойдзем ахвотна, паслушна, а па дарозе — давай падгутарым чырвонаармейцаў, і як прыдзе да бойкі — уцяком з часьці, здамося ў палон: «Бярэце нас! Здаёмся!» крыкнем і перабягом да казакоў… усе, палком, гуртам… А там, а там у іх і адпачнем… У іх усяго ёсьць, і мы ўдостач пад’ямо… Га, Панкел, згодзен ты на гэта?

— А ці-ж можна так? — перапалохана запытаў Панкел.

— Вось цудны які, а чаму-ж не? Хіба ты мне ня верыш?

Панкел задумаўся.

— Н-не-э, ведаеце, цяжка і… страшна здавацца ў палон. Ды й брыдка, непачэсна-а… Гэта провокатарства, здрада. Усе будуць пальцам тыкаць: «Здраднікі, прадаўцы», скажуць. А што дастанеш за гэта? Ласьне пахваляць за гэта нашы ворагі? І дадуць якія-кольвечы прывілеі?

— Го, браток, ня думай благога… Не ашукаешся; хто да казакоў пераходзіць — даюць таму ўсякія палёгкі… Ды што казаць! Там народ — ня нашаму раўня! Далікатныя, паністыя ўсё… Ведае, што рабіць і як абыходзіцца. Усе вучоныя, разумнікі… Там, у казакоў, зусім інакш нашага… Кінь, браток, верыць бальшавіком! Брэшуць яны, ня болей.

Проў цікаўліва, з падмігамі, з захаванымі ў маршчынках твару лёгкімі калючымі хітрыкамі, акідаў Панкела празрыстым поглядам, сочучы за тымі адбіткамі ўражаньня на яго твары, якія пакідала за сабою гутарка.