Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/223

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ня вельмі даўно прыйшоў і я. Прыйшоў і задумаўся: гэта-ж хочуць ізноў адпраўляць нас на фронт, а мне так ня хочацца, так страшна… ня то, бач, каб баяўся, але ад болю, ад незажытых ранаў… Страшна, і я рашыў прычакаць вас, каб… — адрыўна, няўпэўнена, нібы намацоўваючы грунт, адказаў Панкел, павярнуўшыся к Прову і падступіўшы да яго на шаг.

— Мяне? Чаму гэта? — нібы зьдзівіўся Проў і затаіў выплыўшую на твары радасьць. Моўчкі абудва прыселі побач на койцы Панкела і некалькі часу памаўчалі.

— Ці чулі вы, што нас ізноў на фронт думаюць пасылаць? — першым пачаў Панкел, недаверна аглянуўшыся вакола сябе…

— Так, чуў, думаюць… Што-ж дзіўнага ты ў гэтым знайшоў?

Панкел крыху памаўчаў, потым сказаў:

— Ня хочацца, ведаеце, абрыдла вельмі… Я не паправіўся якраз… усё цела ные, ломіць… Дый падумайце — восьмы год я ўсё гэтак вандрую: то на фронт, то назад у шпіталь… Пяць разоў быў ранен… Увесь час бяз вестак аб родных, дзе і што яны; ня ведаю долі ні жонкі, ні дзяцей… Знайсьці-б іх, праведаць аб іх што-кольвечы, на хвілінку з імі-б угледзецца і… больш нічога… Тады-б я зноў гадзіўся на справу, маўчаў-бы, слухаў і выпаўняў-бы прыказы… Хоць яно-то й супачынку дужа хочацца, чалавек ня сталь — ня можа трываць бясконца, ну… Але то няхай сабе, вось яшчэ мо’ як пратрымаўся-б… толькі сямейка, дачушка, хата… Дзе яны і што? Без капейкі грошай пакінуты… Ах, канчатку няма ні гэтай вайне-завірусе, ні гэтым фронтам паганым, ні…

Па твары Панкела беглі балючыя сударгі, мяняючы свае абрысы за кожным словам; голасна праводзіў іх востры скрыгат зубоў і адчайны выверт рук.

Проў пільна сачыў за выразам твару Панкела і, пацяшаючыся ўнутры, думаў: «Вось яшчэ адзін… Гэта паказвае, што ўжо ёсьць глеба, гатова… Ды чаму-ж ня быць? Стаміліся людзі, заезьдзілі іх ў канец бальшавікі… Затое і іхнія скрэпы