Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/222

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дазнае — хітры, відаць, з багатага котлішча… ня мне равесьнік… Бач, як усяго багатага мае пры сабе: і кавы, і бялізны, і грошы, і ўсяго. Не шкадуе нічога. Гэтак, вядома, і служыць ня цяжка. Ды, нябось, яшчэ на фронце ні разу ня быў… Ні на фронце, і на варце… Круціцца сабе, нырпаліць па горадзе і ня знайся… Ёмкі-ы, о-го-о, казаць нечага. Купца якогась сын, няйначай… Па ўсяму відаць… Ды і ў гутарцы, ліха яму, цягне за іх… за сваіх; глядзіш — так і гне ў іх бок, заступаецца, усяляк іх абараняе.

Панкел кіўнуў галавою і ўздыхнуў: «Ну, вядома, так ўжо мабыць і трэба… Гэта не вялікая ганьба, мала што… Аднак, хлопец ён усё-ткі разумны, тлумачны… Судзіць справядліва, толкам, ажно люба паслухаць… Вось я асабіста дужа люблю яго паслухаць»…

Панкел паціху, з перапынкаю разьдзяваўся, кожную рэч зьвяртаючы акуратна і кладучы — што ў ногі, а што пад падушку, іншае-ж пад голаў. «Няйначай трэба дачакацца Прова, — думаў далей Панкел, — трэба вымусіць яго на гутарку, парадзіцца з ім, што рабіць… Усё-ткі два розумы, дзьве галавы — не адзін, не адна»…

Панкел абарваў думкі, пачаў ззуваць боты, крэчучы ад ныцьця сьпіны і колкі ў баку.

— Ах, так ломіць! О-ёй-ёй! Ох-хо-хо! Вось і едзь на фронт… у дарозе згінеш, — шэптам праказаў сам сабе Панкел і хапіўся рукой за плечы, потым за бок…

У гэты час пачуўся ціхі стукат дзьвярэй, а потым і шорханьне шагоў. Панкел адагнуўся ад койкі і паглядзеў у бок дзьвярэй — то прышоў Проў, які паціхенку, з асьцярогаю, каб не нарабіць груку, на пальчыках заварочваў вузкімі праходамі к сваёй койцы. Панкел нібы не прымячаў яго і нырпаліўся над сваёю пасьцельлю.

— А ты ўсё яшчэ ня сьпіш? Нябось, нядаўна вярнуўся ў казарму? — падышоўшы, шэптам запытаў яго Проў.

Панкел паважна адагнуўся ад койкі і пільна аглядзеў Прова. З ног да галавы акінуў узрокам, з хвіліну памаўчаў, потым загутарыў: