Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/221

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

раз на фронт не пайду… Хаця-б ачухацца ад гэтых ранаў. Досыць! Чаму мне трэба больш за ўсіх ваяваць? Ды за вошта мне ваяваць трэба?»

І Панкел бадрыўся ад выказаных думак ды мерыўся ажно выкрыкнуць іх уголас, але надыйшоўшыя новыя роздумы яго спынілі, ахаладзілі. «А калі прымусяць?» мігнулі яны перад ім. І Панкел спалохаўся іх; крыху памаўчаў у нейкім глузьдзе. «І калі прымушацьмуць, будуць застаўляць, то й тады не пайду, не пайду і квіта… Хай што-хоць са мною робяць. Не паслухаю прыказу, ні за што. Сапраўды кажа Проў: «Будзь цьвёрдым і ня гніся так лёгка пад прыказамі. Мала што табе бальшавікі пачнуць прыказваць, ці-ж усё ім выпаўніць». Так: ня буду выпаўняць, стану крыху паўпарцей».

Панкел устаў з койкі, смачна зяхнуў, справадзіўшы позіх зацяжным енкам, і пачаў расьпяразваць папругу. Выняў гвозьдзік спронжкі з дзіркі рамяня і спыніўся. «Ах, як добра было-б пагутарыць цяпер з Провым, удваіх, наасобках. Цікава пачуць, што ён мне парадзіць зрабіць, калі ўсё ткі й прымусяць мяне пайсьці на фронт. Цікава! Вельмі цікава! Вось ня буду спаць — пачакаю яго», парашыў Панкел і аддаўся новаму наплыву думак, няцэлых, трывожных, смутна-нявыразных. І назойны рой скаваў Панкела, як ланцугамі, і прымусіў спакойна сядзець.

Вакола яго таварышы ўжо храплі. Адны ляжалі на сваіх койках спакойна й нярухома, другі варочаліся з боку на бок, бы на спрунжынах, кракталі; іншыя не маглі супакоіцца ад кашлю й охалі. Вартаўнічага хутка стала ня чуваць, нібы і ён задрамаў.

— А мо’ Проў ужо і сьпіць? — мігнула ў Панкела думка, і ён азірнуўся ў бакі, нібы шукаючы яго койкі.

— Не, месца зусім пустое, — адказаў Панкел сам сабе.

Прова яшчэ ня было — значыць дзесьці ён спазьніўся ў горадзе.

«Трэба яшчэ крыху пачакаць; потым пачну распранацца, а вось, покі зьбяруся лажыцца, ён і натрапіць… Але-ж і хітры, аднак, гэты Проў, нечага сказаць! Усё пранюхае, усё