Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/216

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у мястэчку, зрабіліся яму годам — ды годам ня простага жыцьця, а балючых мукаў разувер’я, ашаломленасьці зьменамі таварышоў і страхам перад пагалоўным захопам жыхарства ненавісным яму бальшавіцтвам. Усё гэта так яго знэрвавала, так стузала, што ён увачавідкі адзначаў, як рабілася яму цяжка й нявыносна ў вікураўскіх абставінах. Звакол і з усюды глядзелі на яго тысячы вочаў атручваючага страху, тысячамі галасоў зьвінелі ў яго вушшу. Перад ім стаяў Юрка, а Сідору здавалася, што гэта — ажыўленае бальшавіцтва, якое вось-вось сьцісьне яго сваімі рукамі й задавіць. І калі ён спрачаўся і лаяўся з Юркам — то гэта толькі каб не маўчаць. Каб не маўчаць, бо гэтаму супярэчыла ўся яго істота. Трэба было шмат здарэньняў, многа самааховы ды разам каменнай цярплівасьці, каб зьнізіцца да таго, што ён бачыў і чуў. Але пракідкі й дасьціпны Сідор адчуваў сябе ваўком у засадзе, якому ўсё-ж трэ’ было зламаць сьмеласьць і пакінуць гордасьць.

— Шш-а, шш-а! — пакорліва суцешыў Сідор швагра, калі той ня ўступаў, а ўпарта гнаў яго вон, — я пайду! я пайду… Я пайду, каб ня прыходзіць ужо сюды. Годзе!.. Няхай заклятай будзе тая часіна, калі я пераступіў гэты парог…

Сідор пасьпешна пачаў адзявацца. Адзяючыся, ён раз-по-разу пазіраў у вакно. Ад таго, што яму кідалася ў вочы ў згушчаным зморку вакна, Сідор то ўзвышваў, то паніжваў сваю нясьціханую лаянку, якая «злучыла іх род з родам Юркі», і тае часіны, «якая завяла яго сюды». Юста з мешалкаю ў руках тупала па хаце і то кляла мужа, то перапрашала Сідора, каб той не злаваў, каб ня слухаў «дурня Юркі» і заставаўся.

— Куды-ж, братка, пойдзеш нанач? — казала яна Сідору, — заставайся ў нас… У хару плюнь заразе гэтай — і заставайся! Гэта хата не яго… Я больш гаравала на яе. Мой пасаг паставіў цябе на ногі, — адварачвалася Юста да Юркі. — Гаспадар знайшоўся! Вось заўсёды так, як і сёньня: валочышся, мэрам сьвяты бяз вуму, цэды дзень, а ў хаце — хоць вецер гуляй! Мая хата! Скула табе ў горла, а ня хата!