Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

заўважыла яна й таго, што на дварэ цямнела і ў хаце па куткох пачаў туліцца змрок. Наогул, Юста была ашаломлена братавымі словамі й ня ведала, чым на іх адказваць…

Ёй памог выйсьці з гэтага становішча Юрка, які з прычыны перарыву нарады наведваў хату. Няпрыметна для яе й Сідора, ён прайшоў у двор і, апынуўшыся на парозе, стукнуў сенешнімі дзьвярамі. Сідор хутка перамяніў устой, а Юста, нібы ачнулася, хапілася за мешалку й пачала мяшаць цэбры.

— Ты яшчэ не падала паранкі? — запытаў Юрка, увайшоўшы ў хату.

— Не падала, не пада-ла! Муштраваць толькі любіш, а сам, як той валацуга, цалюткі дзень бадзяецца бяз нічога… Да сэрца вельмі даліся табе гэтыя бальшавікі! Ня вылазіць з іспалкому. Ці-ж то ёсьць лад? — скорамоўна, трымаючы мешалку ў руках, залепятала Юста. — Пакіне ўсё ў хаце, хоць захлыніся адна, а сам у аратары ходзіць… Трэба вельмі табе людзей пасьмяшаць?! І так з-за цябе жанкі вочы дзяруць… Хапіла-б і без цябе бальшавікоў… Чаго табе лезьці?

Юрка, зрабіўшы сур’ёзную міну на твары, даў выгаварыцца жонцы, а пасьля спакойна, але цьвёрдым голасам адказаў:

— А цябе мо’ гэтыя жанкі й вучаць брахаць вось так? Ведаю я, хто гэтыя твае жанкі! Мікуліха да Дзежыха якая. Не падабаецца ім савецкі лад — вядома. І гонар апаў і павага мінулася. Сыны паўцякалі ў Польшчу, дык думалі прасіцьмуць іх зьвярнуцца, а тут яшчэ забаранілі… Не глядзі на іх — свой розум мей!

Юста ня ўнімалася.

— Ня трэба мне больш таго, што я маю… Хай ужо ў цябе занадты розум, каб ён табе высах! Аж брыдка робіцца… Вось праўду кажа Сідор, што ты род наш ганьбуеш ё сваім бальшавіцтвам? Навошта яно табе?..

— Сідор кажа-а? — раззлавана выгукнуў Юрка. — Ссі-ы-дор?! Я ведаю, што Сідор… Чуў ужо я пра твайго Сідора! Ходзяць ужо ўсякія чуткі па мястэчку й за мястэч-