Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/213

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— З іспалкому прыйшоў, Сідорка?

— З іспалкому.

— Што-ж там чулі добрага?..

Сідор нейкі час памаўчаў, пасьля сур’ёзна з прыціскам адказаў:

— Пачуеш?! Ведама ўжо, што ў іспалкомах пачуеш!.. Твайго Юрку чуў… Дастала цацку…

— Чаму?.. — зьдзіўлена запытала Юста.

— Чаму?.. Вунь расьпінаецца на ўвесь іспалком. Такі аратар, што хоць ты…

— За бальшавікоў ці супроць?

— Супроць! Навучыла-ж ты яго супроць!

— Ай, ай! І чаго яму трэба лезьці… божа мой!.. На яго хвароба, на яго! — завяла Юста. — Дык ты-ж паверыш, Сідорка, я й сама ня ведаю, што з ім рабіць… Вось да таго ўкляпаўся ў бальшавіцтва, што жыцьця няма… Стары чалавек…

— Табе кінуць трэба яго! — адсек Сідор.

Гэта пропозыцыя азадачыла Юсту. «Кінуць!» — то ўжо пераходзіла ўсю яе злосьць на мужа й глядзела ёй у вочы чымся незьясьнёна-страшным. Яна разумела пасвойму шкадлівасьць таго, што Юрка ўмешваецца ў бальшавіцкія справы, але гэта шкадлівасьць не надаўміла ёй ні разу паставіць сабе рубам пытаньне аб адносінах з мужам. А тут раптам чуе гэткую раду ад брата. То, пэўна, нешта нейкае ўжо сталася з Юркам. Сідор-жа не павінен жыў-здароў яе палохаць.

— Сідорка, чаму ты так кажаш? — баязьліва запытала Юста.

— Таму, што бальшавікі — гэта разбойнікі й згубіцелі. І твой Юрка — таксама… Ён бальшавік — і ты не павінна, жывучы з ім, ганьбіць наша котлішча…

Сідор, выказаўшы гэта, прыстукнуў нагою, нібы павеляваючы сястры выпаўніць яго раду. Юста ня ведала, што адказваць, і моўчкі пытальным поглядам сачыла на сур’ёзна выглядаўшага брата. З яе рук выпала мяшалка, стукнуўшыся аб цэбар, але Юста не заўважыла гэтага. Таксама не