Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/212

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А вечарам ня думаеце нікуды?

— Ня ведаю…

Прайшоўшы яшчэ з гоні ўсе разам, далей яны разьбіліся на двое й пайшлі паасобку ў розныя бакі: Мірон з дзяўчатамі, а Сідор з Паўлюком і шулаўцамі.

— Ну, як вам? Бачыце, вось якія мужыкі! Як адзін, у далоні б’юць: хваляць парадкі… Во, нават, Юрка… Не казаў я? — выказаў Паўлюк.

— Так! Дзівіць мяне… Я ніколі ня думаў, што яно так, што так глыбока ўелася бальшавіцтва… Ня думаў… А то-та-ж… — Сідор нездаволена пакруціў галавою і ня мог даказаць.

— Сідор Гарасімыч! а ўсё-ж яно не якраз так, як мы бачылі. Ёсьць шмат і праціўнікаў бальшавікоў. Вось каля нас стаяла з дзесятак мяшчан — дык сьмяяліся з усяе цэрамоніі, толькі ім нельга выказвацца…

— Так, нельга выказвацца… — шэптам падмацавалі шулаўцы.

— Гэ! што дзесяць, калі сотні пляскаюць у далоні, сотні… Што дзесяць! Каб наадварот… — матнуў рукою Сідор.

Яны прайшлі рынак і спыніліся пры выхадзе ў вуліцу.

— Можа вечарам яшчэ наведаем у іспалком? Яшчэ шмат пытаньняў абгаварвацьмуць… Цікава пачуць, як будзе абгаварвацца школьная справа! — выказаў Паўлюк да Сідора.

— Не, не пайду! — суха адказаў Сідор.

— Чаму? Мы зойдзем…

— Нічога не паможам! Запраўднае гняздо бальшавікоў… Усе, усе атручаны ім…

Забыўшыся разьвітацца, Сідор пайшоў на кватэру. Паўюк з другімі вярнуліся назад.


VIII

Увайшоўшы ў хату, Сідор застаў дома сястру. Яна мяшала гавядам цэбры і, калі Сідор прачыніў дзьверы, кінула работу й зьвярнулася да брата з пытаньнем: