Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сідор з Марыляю спыніліся каля двара; Сідору хацелася паслухаць, што гутараць прыежджыя і які іх настрой. Вось кожнага дэлегата ён абводзіў вачыма з ног да галавы, зазіраў яму ў твар. Сачыў і бачыў: усе яны, больш пажылыя мужчыны, выглядалі весела настроенымі і ў гутарках выказвалі зацікаўленасьць нарадаю. Адзін другому расказвалі, хто што мае казаць, як і што йдзе ў іх вёсках будаўніцтва савецкага ладу, збор падатку, развмеркаваньне зямлі. Ніводнае скаргі на сваё становішча Сідор не пачуў.

— Ну, пойдзем у сярэдзіну, — сказаў ён да Марылі.

Яны праз некалькі часу ўвайшлі ў іспалком. Невялікае памяшканьне было бітком набіта людзьмі. Яны займалі ўсю канцылярыю й дзьве бакавыя каморкі, высвабаджаныя ад сталоў і застаўленыя лаўкамі. У «габінэце» прадсядацеля іспалкому, таксама адчыненым насьцеж, стаяў стол, прыгатаваны для прэзыдыуму. Вакол стала грудзілася з дзесятах чалавек, якія запісвалі свае мандаты. Было душна і пахла вёскаю, сукном і чорным хлебам. Сідор з Марыляю на момант спыніліся пры дзьвярох і абгледзелі вакол памяшканьне: нідзе ня відаць было вольнага месца. Сяк-так яны праціснуліся да задняй сьцяны й прытуліліся да вакна. Праз некалькі хвілін пачуўся званок і гоман змоўк. У іспалкоме стала ціха, ціха. Усе настаражыліся і, як адзін, узорыліся ў «габінэт» прадсядацеля. У «габінэце» за сталом сядзела два чалавекі — прадсядацель іспалкому й пісар. Яны штосьці між сабою перашэптваліся, азіраючыся на «залю». Пасьля прадсядацель устаў і выказаў да дэлегатаў:

— Непартыйную сялянскую конфэрэнцыю я лічу адчыненай. Прапаную выбраць прэзыдыум.

На яго пропозыцыю выйшаў адзін з ліку дэлегатаў і прачытаў сьпіс прэзыдыуму, які прапанавала комуністычная фракцыя. У ліку другіх у сьпісу было прозьвішча Андрэя, якога мецілі ў таварышы прадсядацеля нарады. Прадсядацель іспалкому прагаласаваў сьпісак. Цэлы лес рук амаль ня ўсіх дэлегатаў падняўся ўгору.