Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У дзьверах яны змоўклі і ўвайшлі ў іспалком. Ці з-за адмечанай нарады, ці праз іншыя прычыны — толькі ў іспалкоме на гэты раз сельскай публікі было шмат меней учарашняга. Затое ўсе іспалкомцы былі сабраны ў аднэй каморцы, седзячы чынна каля Андрэевага стала. У іх грамадцы стаяў гоман, сярод якога выдзяляліся й пагрозныя словы.

Сідор з Паўлюком падышлі да грамадкі і ўгледзелі ў ёй усё вікурскае настаўніцтва, некалькі пастароньніх настаўнікаў і за сталом перад імі прадсядацеля іспалкому ды сакратара. Ніхто не зьвярнуў на іх увагі і не адказаў на выказанае Сідорам прывітаньне. Было не да іх.

— Так быць не павінна, — начальнічым голасам казаў прадсядацель іспалкому, малады здаровы хлопец. — Паглядзеце, — ён тыркаў пальцам у газэту, — трэці раз пішуць у газэтах пра нашу вучылішчную справу. Ці-ж то добра? Вы са сваёю контр-рэволюцыйнаю ўпартасьцю не даеце мне вольна працаваць! Думаеце, што гэта жарты! Мінула тая пара, каб жартаваць. Велена так — так і мусіце рабіць! Мала, што вам не падабаецца тое ці іншае! Можа й сама рэволюцыя многім з вас не падабаецца, дык будзеце ўпірацца супроць яе? Гэта апасьлівая рэч, грамадзяне! Хто супроціў народу пойдзе, той гатоў голаў сабе зламаць…

— Таварыш Сьліва, — пераняў яго адзін з грамадкі, — што-ж, запраўды, вы раўняеце адно з другім; ласьне, да прыкладу скажам, якая-кольвечы там беларуская мова, мае што агульнае з рэволюцыяй? Навошта палку перагінаць у адзін бок?..

— Так, так, — адазваўся Макар, — павашаму, беларуская мова нічога ня мае агульнага з рэволюцыяй, затое, мабыць, родны з ёю закон божы!.. Ведама ўжо вас… Ні працоўная школа ня мае адносін да рэволюцыі, ні беларуская мова, ні… нават сама рэволюцыя…

— Усё, што вам падносіць савецкая ўлада — то ёсьць ад рэволюцыі, — дадаў Андрэй, — і супроціў яго змагацца — то змагацца супроціў працоўнага народу. Іначай судзіць