Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Адліга будзе на дварэ, — вымавіў ён, бяручыся за цыгарку. — Ну, а як у цябе са сьнеданьнем? — запытаў ён у жонкі.

— Вось, скора можна сьнедаць, няхай Сідор памыецца.

— Ай, чаго там мыцца, можна й так, — пажартаваў Юрка.

Сідор змаўчаў і палез у свой куфэрак за ўціральнікам, каб ісьці мыцца…

Па сьнеданьні Сідор доўгі час аставаўся ў хаце. Сястра й швагер разыйшліся па справах, а ён адзін то тупаў, то прылягаў на ложак, то браўся за кніжку — творы Данілеўскага. Пачасту ён зазіраў у вакно, праводзіў вачыма праходжых. Ісьці нікуды не хацелася. Успамінаў аб іспалкоме — рабілася няпрыемна, пераносіўся да Слояў — і туды лічыў няздатным ісьці. Ды к таму чакаў сам Марылі. Выкрадалася жаданьне, каб хто да яго прыйшоў пагуляць. З гэтых «хто» Сідор разумеў Паўлюка ці Мірона. Але час ішоў, а ніхто не наведваў. І каля другое гадзіны ўдзень ён сам вышаў на вуліцу. Вышаў, пастаяў з часіну каля двара, а пасьля пайшоў на рынак. Падбліжаючыся к рынку, мо’ на паўгоні да яго, ён угледзеў вышаўшага з-за вугла Паўлюка, які таксама йшоў туды. Сідор яго аклікнуў. Той стаў і насустрэч Сідору запытаў:

— У іспалком?

— Не, чаму?

— А там сёньня нейкая нарада наконт школ. Знарочыста выклікалі і мяне, — паведаў Паўлюк. — Зойдзем, цікава! Пачуеш, як Андрэй будзе бальшавістваваць.

Сідор падумаў.

— Што-ж, усё роўна няма куды йсьці, давай пойдзем, паслухаем, — згадзіўся ён.

Яны павярнулі да іспалкому. Вышаўшы на ўзгрудак, што пукаціў рынкавы пляц, яны здалёк убачылі, як туды-ж, у іспалком, пашла Слоева Марыля.

— Цікава, што там будзе? Пэўна, інструктар які пры ехаў, — дзівіўся неспакойна Паўлюк, калі яны падыходзілі да будынку іспалкому.

— Ня бойся, — суцяшаў Сідор.

— Ды хто іх баяўся, толькі… прыстаюць…