Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кары, якія абрынуліся з боку савецкае ўлады на вікураўскіх жыхароў наогул і на вікураўскую інтэлігенцыю ў асобку. Дзяўчаты і разам Агнэса выводзілі, што частка гэтых кар пала на іх у адплату іх нядружнай ды незьяднанай супярэчнасьці «бальшавіцкаму гвалту».

— Вось глядзеце, — казала яна, — пачакалі-б год-другі, не пашлі-б да іх на службу, і самі-б яны пакланіліся вам: ідзеце, вучэце. А то запрашаюць рознымі абяцанкамі, а там толькі разладуюць, каб пасьля зьневажаць ды глуміцца паасобку над кожным…

Гэтых Агнэсіных даказаў было мала, каб паверыць у іх сілу і практычнасьць нават дзяўчатам, але як хлопцы, гэтак і дзяўчаты паддаквалі ёй і згодна пакіўвалі галовамі. Ад абгавору сучаснага становішча яны перайшлі да ўспамінаў аб мінулых часох. І тут Агнэса ўдоваль нагаварылася: чаго-чаго ня ўспомніла, колькі разоў спогадна ня ўздыхнула! Вывела напаверх розныя падрабязгі сваіх спатканьняў і знаёмстваў з высокімі асобамі, іх самавітасьць, гонар і далікатнасьць. Расказала аб бывалашніх знатных на ўвесь павет вечарынках і гулянках… Поп і пападзьдзя, станавы, земскі, доктар і іх жонкі скланяліся на ўсе лады.

За Агнэсаю аднавілі свае перажыткі Сідор, Мірон і Паўлюк. І яны, кожны па сабе. Толькі Марыля й Варвара, як маладзейшыя за іх і вышаўшыя «ў людзі» ў першыя часы рэволюцыі, не маглі, вядома, налагодзіцца «шчаснасьцю» старое пары і ня мелі нічым пахваліцца. Затое праз усю гутарку Агнэсы й хлопцаў яны спогадна пакіўвалі галовамі і завідвалі ім напавер.

— А потым, мне здаецца, яшчэ нельга судзіць аб усім па Андрэі і Пласе, — самасуцешна падаў Сідор, калі «ўспаміны» надаелі. — Важнае — як мужыкі ды мяшчане судзяць. Андрэй ці Плаха — то іскрачкі, выпушчаныя на вецер.

— Гой, Сідорка, на мяшчан ды мужыкоў няма чаго спадзявацца — стада, дурныя, — махнула рукою Агнэса.

— Не кажэце, цётка, — перабіў яе Паўлюк, — мужыкі — гэта патайны куток. Сярод іх мала ёсьць спагадчыкаў да ўлады.