Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось пазаўтра маецца быць сялянская нарада, можна будзе падзівіцца, — паведаміў Мірон.

— Пазаўтра? — хапіўся Сідор. — Цікава! Няйначай трэба будзе пабыць ды паслухаць. А то яшчэ не даводзілася слухаць мужыкоў за гэтыя гады…

— Пойдзем, я да вас зайду, Сідор Гарасімыч, — запрапанавала Марыля.

— Дзякую, калі ласка! Пачакаю вас.

Пагутарыўшы яшчэ нейкі час, яны сабраліся разыходзіцца. Было чатыры гадзіны па поўначы, але Агнэса ўсё яшчэ ўгаварвала пагуляць. Але ў яе ўгаворах была адна далікатнасьць і зусім мала настойнасьці. Ды каб старчыла апошняга, ужо нельга было-б далей паліць агню. У суседніх хатах — калі ўжо паклаліся спаць, а гэта чатыры гадзіны па поўначы — і агонь жукаціць.

Хлопцы й Варвара разьвіталіся з Слоевымі і пакінулі хаты.

— Прыходзьце заўтра, будзем чакаць, — папрасіла Марыля, правёўшы іх да вуліцы.


V

Прышоўшы да хаты, Сідор не хацеў засьвечваць агню і цішком разьдзеўся ды ўлёгся. Але хоць канчалася пятая гадзіна, яму ня рупіла заснуць. Ды каб рупіла — наляцеўшыя ў голаў думкі аб чутым, бачаным не дазволілі-б яму супакоіцца. Цэлым шэрагам занасіліся яны перад ім і адцягалі яго ўвагу на сябе.

Сідор ляжаў адзін, а Андрэй, Плаха, Габрусь і соткі вобразаў розных комуністых і іх прыхільнікаў, з якімі даводзілася яму мець дачыненьне, гамузам вярцеліся перад яго вачмі, хоць і заплюшчанымі і захованымі пад коўдру. У вушшу гулі водгукі іх слоў, вынікалі цэлыя прамовы, чужыя, ненавісныя, але й страшныя, пагражаючыя. Сідору здавалася, што й цяпер, вось, поўна хата варожых яму людзей, якія вартуюць яго і мерацца накінуцца, каб задавіць.