Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ужо так можна было зацягацца сучаснымі здарэньнямі, дык я не магу сказаць… Табе — ня відно… Сядзіш сабе ў школе, калупаешся ў кніжках — і толькі! Пэўна — кніга ня скажа таго, што ёсьць… Хоць і вакола кнігі ня вельмі надзейна… Але ты паспрабаваў-бы шчыльна стыкнуцца з жыцьцём — іншае запеў-бы… Ты паглядзі, што робіцца навокал! Сялянства голае і яшчэ абіраюць… інтэлігенцыя загнана. Яе самотнасьць — ані-што… Так і топчацца… Усе яе лятуцецьні зьнішчаны… Мэрам-бы знарок пастаўлена мэта — зацямніць народ…

— Вось з гэтага боку — я цалкам з Міронам, — уступіў у гутарку Паўлюк, — хай сабе іншае, ну з боку-ж няўвагі да інтэлігенцыі, то неправілова. Яна-ж — сок краю. А тут мэрам-бы вайну ёй абвясьцілі. Што-б яна ні падала ў думках — нічога ня варта. Хоць-бы з гэтай надаедлай школьнай справай. На табе і працоўную школу, на табе і беларускую мову, на табе і зьнішчэньне няграматнасьці… Усё разам і засаб. А паспрабуй паспрачацца? Вось хоць-бы ў нас: паперка за паперкай — прыказ перайсьці да беларускае мовы… Каму й нашто яна патрэбна? Які ў ёй толк? Што яна дасьць?.. Дык не! Паспрабавалі мы протэставаць — ні ўвагі…

— Ха-ха-ха-а! — разьліліся сьмехам Марыля з Варвараю, — далася яна нам узнак — гэта беларуская мова… Папаваявалі мы супроць яе…

— А зьмірыліся-ж, — уставіў Мірон.

— Улада гэткая — гэткая і яе мова, — падала з мыцельніку Агнэса, — мужыкі… мужыкі — больш нічога… Ласьне ім што далікатнае трэба?

Сідор уважліва выслухаў кожнага й відаць было, як хвіля ў хвілю мянялася міна на яго твары, робячыся то вясёлай, то няўверанай, то падазронай — адпаведна выказваным думкам. Казаў Мірон — Сідор здаволена ўхмыляўся, загутарыў Паўлюк — ён супыніў ухмылку, а настарожана лавіў кожнае яго слова, прагна жадаючы пачуць большых скаргаў і нараканьняў на сучасны лад.