Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Янка спужаўся мацеры і паслушна зьлез з полу, зьняў з кручка халацік ды шапку і, узьдзеўшы іх, паслушна вышаў з хаты.

У дварэ сустрэў яго Сідар. Хапіўшы за руку Янку, ён жартліва сказаў:

— Кінь журыцца, нябожа; пакуль жаніцца — загаіцца… Вось забывай усё, лезь на воз і паедзем.

Янка нічога не адказаў Сідару. Галодны ад учарашняга і аслаблы, але ня могшы папрасіць у мацеры есьці, ён пайшоў да возу і ўсеўся на мяшку з саломаю.

— Янка, Яначка! — радасна кінуўся да яго Хведарка, прыбегшы аднекуль і ўгледзеўшы брата на возе: — Вазьмі й мяне з сабою, я хачу пад’ехаць — я так доўга не катаўся.

Янка нічога не адказаў і братку: ён мэрам і ня слухаў, што яму так рад і так шчыра сустрэў яго зусім нявінны ні ў чым Хведарка. Нават і вокам ня кінуў на яго, калі пакрыўджаны Хведарка адышоў ад возу, сеў на прызьбе і набочыўся.

Не зважаючы на дзяцей, Сідар каля пяці хвілін аб нечым пашаптаўся з Палутаю, а пасьля — адвязаў каня і крануў з месца.

— Бывай здарова, Палута! — сказаў ён да Палуты і паківаў галавою.

— Бывайце здаровы, ягамосьць Сідар… — дабрадушна адказала Палута і сьледам дабавіла: — вы ўжо там не патурайце яму, ушчувайце добра, калі трэба; я яшчэ падзякую вам за гэта… Што з ім цырымоніі разводзіць!..

Сідар засьмяяўся і пагнаў каня.

— Што-ж, Янка, засмуціўся? Баішся ехаць? Кінь нудзіцца! — абярнуўся ён да Янкі.

Янка маўчаў. Гурток цікавых дзетак, якія сабраліся вакол возу, а цяпер расступіліся і глядзелі, як той аддаляўся, крычалі ўсьлед Янку розныя выказы: «Вярніся, Янка, прывязі яблык, як пасьпеюць». «Прыяжджай на Пётру». У грамадку дзяцей замяшаўся і Хведарка.